Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнты Літвы, Польшчы і Румыніі заклікалі ЭЗ пашырыць пакет дапамогі Беларусі


Прэзыдэнты Літвы, Польшчы і Румыніі Гітанас Наўседа Анджэй Дуда і Кляўс Яганіс заклікаюць інстытуты Эўрапейскага зьвязу і дзяржавы-ўдзельніцы разгледзець пакет захадаў дапамогі дэмакратычнай Беларусі, якая імкнецца да палітычных, эканамічных і сацыяльных пераўтварэньняў.

Лідэры трох краін заклікалі Эўразьвяз распрацаваць пакет дапамогі, які б уключаў гандаль з ЭЗ, дапамогу ў перамовах аб уступленьні ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, бязьвізавы рэжым для грамадзянаў Беларусі, дывэрсыфікацыю эканомікі і энэргетычнага сэктару краіны, фінансаваньне рэструктурызацыі эканомікі, прыцягненьне міжнародных фінансавых інстытутаў для рэфармаваньня эканомікі краіны і заахвочаньня інвэстыцыяў.

У дэклярацыі нагадваецца, што лідэры гэтых трох краін актыўна падтрымліваюць прынцыпы свабоды і дэмакратыі і прызнаюць толькі свабодныя, справядлівыя і празрыстыя вынікі выбараў, праведзеных у адпаведнасьці зь Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і пад кантролем міжнародных назіральнікаў.

Кіраўнікі Літвы, Польшчы і Румыніі ў дэклярацыі нагадалі, што ніхто іншы ня можа вырашаць лёс Беларусі, як толькі яе грамадзяне. Паводле лідэраў, толькі дэмакратычная будучыня, заснаваная на сацыяльным дыялёгу і агульным бачаньні з грамадзкасьцю, ёсьць умовай больш стабільнай і бясьпечнай Эўропы.

Лідэры дамовіліся дапамагаць беларусам будаваць дэмакратычную прававую дзяржаву, свабодную грамадзянскую супольнасьць і рынкавую эканоміку.

«Калі грамадзяне Беларусі вырашаць правесьці ў краіне палітычныя і эканамічныя рэформы, стварыць незалежныя інстытуты для абароны правоў чалавека і свабоды слова, мы дапаможам, падзяліўшыся сваімі ведамі і досьведам», — сказаў Наўседа. Кіраўнікі дзяржаваў, якія абвясьцілі дэклярацыю, заклікалі ўсю міжнародную супольнасьць далучыцца да распрацоўкі пазытыўнага парадку дня дэмакратычнай Беларусі і пакета падтрымкі палітычных, эканамічных і сацыяльных зьменаў.

Прапановы для гэткага пляну дапамогі будуць прадстаўленыя прэзыдэнтам Літвы на наступным саміце Эўразьвязу 24–25 верасьня.

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі на мінулым тыдні паведаміў, што на саміце Эўразьвязу ад імя «Вышаградзкай чацьвёркі» прадставіць «плян Маршала» для Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG