30 дыпляматаў звольняць са структуры Міністэрства замежных спраў, сьцьвярджае ў сваім тэлеграм-канале колішні амбасадар Беларусі ў Францыі Павал Латушка.
Раней ужо пазбавіліся сваіх пасадаў кіраўнікі беларускіх дыпляматычных місій у Гішпаніі, Латвіі, Славаччыне.
Паводле Паўла Латушкі, гатовыя паперы на звальненьне супрацоўнікаў цэнтральнага апарату МЗС, а таксама замежных установаў Беларусі пры Эўрапейскім зьвязе, Польшчы, Індыі, ААЭ ды шэрагу іншых краінаў.
«Прычына адна — выказваньні супрацоўнікаў у асабістых сацсетках пра нязгоду з фальсыфікацыяй выбараў і актамі гвалту над мірнымі дэманстрантамі з боку амапаўцаў. Дзякуй вам, дарагія калегі, за вашу грамадзянскую пазыцыю!», — адзначыў Павал Латушка.
На яго перакананьне, пасьля фіяска замежнай палітыкі Беларусі фактычна наступіў развал дыпляматычнай службы краіны.
У МЗС Беларусі інфармацыю камэнтаваць адмовіліся.