Горадня. Пачаліся затрыманьні
Схапілі некалькі дзясяткаў чалавек. У тым ліку цяжарную жанчыну на позьнім тэрміне. Адзін мужчына, якога спачатку схапілі і панесьлі, ляжыць непрытомны на траве каля месца пратэстаў. Калёна амапаўцаў пайшла адціскаць пратэстоўцаў зь Вялікай Траецкай вуліцы.
Празь нейкі час цяжарную жанчыну Вераніку адпусьцілі. Яна на 30-ым тыдні цяжарнасьці.
Мужчыну, у якога падчас затрыманьня здарыўся гіпэртанічны крыз, забрала «хуткая».
Горадня. Шэсьце ідзе па горадзе
Горадня. Пратэстоўцы выйшлі на праезную частку Вялікай Траецкай вуліцы і перакрылі яе для руху.
Скандуюць «На базар», «Верым, можам, пераможам», «Горадня, выходзь», «Гэта наш горад». У пачатку Савецкай вуліцы ім перакрыў дарогу АМАП у шлемах.
Менск. АМАП не дае сабрацца людзям на праспэкце Пераможцаў
На праспэкце Пераможцаў групы АМАП пераходзяць зь месца да месца. Як толькі недзе зьбіраецца прыкметная група, туды пад’яжджаюць сілавікі і пачынаецца разгон. На Нямізе людзі схаваліся ў KFC, амапаўцы спрабавалі туды трапіць, але дзьверы замкнулі. Амапаўцы проста сышлі. Тое самае адбываецца каля ГЦ «Галерэя».
У Гомлі пачаліся затрыманьні
У Гомлі на Савецкай пачаліся затрыманьні ўдзельнікаў акцыі. Да груп людзей падяжджаюць «сінія бусы» з супрацоўнікамі АМАП і затрымліваюць людзей.
Менск. Сілавікі не даюць сабрацца людзям на Нямізе
На Нямізе ўжо сотні чалавек. Людзі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, шмат сьцягоў раёнаў. З боку плошчы Свабоды ідуць групы людзей у бок Нямігі. Да KFC пад'ехалі аўтазакі і бусы. Выбеглі сілавікі, разагналі ўсіх, хто там сабраўся. Некалькі затрыманых.
Да «Галерэі» насупраць Палацу спорту пад'ехала калёна аўтазакаў, бусаў. Выйшлі людзі ў чорнай форме і накіраваліся да невялікай групы пратэстоўцаў. Людзі стараюцца адыйсці, схавацца ў гандлёвым цэнтры. Сілавікі выстраіліся ланцугом насупраць Галерэі.
Горадня. На Савецкай вуліцы сабраліся некалькі сотняў чалавек
Сьпявае артыст у лацінаамэрыканскім строі. Яму пляскаюць і танцуюць. Скандуюць «Жыве Беларусь». Міліцыянты папярэджваюць, што мерапрыемства несанкцыянаванае. Ім крычаць «Ганьба».
У Гомлі пачаўся «Марш справядлівасьці»
На пункце збору людзей, ля ўнівэрмагу «Гомель», чакалі супрацоўнікі АМАП і міліцыі. Людзі пайшлі па Савецкай, супрацоўнікі АМАП перагарадзілі ім дарогу. Людзі перайшлі на другі бок, і там дарогу перагароджваюць амапаўцы.
У Менску зачынілі шэсьць цэнтральных станцыяў мэтро
А 13.00, у мэтах забесьпячэньня бясьпекі пасажыраў, на ўваход і выхад зачыненыя станцыі мэтро Плошча Леніна, Кастрычніцкая, Купалаўская, Плошча Перамогі, Плошча Якуба Коласа, Няміга, паведамляе ОНТ.
На дадзеных станцыях цягніка ідуць без прыпынку. Сёньня ў Менску, і ў іншых гарадах Беларусі, адбудуцца ананасаваныя апанэнтамі ўлады мірныя акцыі пратэсту. Яе ўдзельнікі ў сталіцы зьбіраюцца прайсьці па цэнтральных вуліцах гораду шэсьцем.
Латушка: звольняць дзясяткі неляяльных дыпляматаў
30 дыпляматаў будуць звольненыя са структуры Міністэрства замежных спраў, сьцьвярджае ў сваім тэлеграм-канале колішні амбасадар Беларусі ў Францыі Павал Латушка.
Раней ужо пазбавіліся сваіх пасадаў кіраўнікі беларускіх дыпмісій у Гішпаніі, Латвіі, Славаччыне.
Паводле Паўла Латушкі, гатовыя паперы на звальненьне супрацоўнікаў цэнтральнага апарату МЗС, а таксама замежных установаў Беларусі пры Эўрапейскім Зьвязе, Польшчы, Індыі, ААЭ ды шэрагу іншых краінаў.
«Прычына адна — выказваньні супрацоўнікў у асабістых сацсетках пра нязгоду з фальсыфікацыяй выбараў і актамі гвалту ў дачыненьні да мірных дэманстрантаў з боку амапаўцаў. Дзякуй вам, дарагія калегі, за вашу грамадзянскую пазыцыю!», — адзначыў Павал Латушка.
Спэцтэхніка атачыла будынак Вярхоўнага суду і Палац Незалежнасьці ў Менску
Міліцыя і ўнутраныя войскі сьцягнулі тэхніку і жывую сілу ў раён Вярхоўнага суду і Палацу Незалежнасьці ў Менску.
Чакаецца, што сюды плянуюць прыйсьці ўдзельнікі «Маршу салідарнасьці» 20 верасьня. Калёна вайсковай тэхнікі, у тым ліку бронетранспартэры і вадамёты, занялі пазыцыі каля будынка «Менск-Экспа».
Дзясяткі грузавікоў з байцамі ўнутраных войскаў сталі каля агароджы рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, дзе ён падчас некалькіх акцый публічна зьяўляўся з аўтаматам.
Глядзець стрым з менскага маршу
У Беларусі 20 верасьня праходзяць Маршы справядлівасьці. Тэлеканал «Настоящее время» вядзе жывую трансляцыю маршу з 13:00 па беларускім часе.
«Я вас ахоўваю». Размова затрыманых у аўтазаку з байцом АМАП
Відэа зьнятае затрыманымі пасьля разгону Жаночага маршу ў Менску 19 верасьня ўнутры аўтазаку.
Затрыманыя жанчыны спрабуюць загаварыць з АМАПаўцам у балаклаве, які іх суправаджае ў міліцэйскі пастарунак. Той прызнае, што яны грамадзянкі Рэспублікі Беларусь і заяўляе, што ён іх ахоўвае. Гэта выклікае сьмех затрыманых: «Ад чаго вы нас ахоўваеце? Ад Свабоды?»
«Ня бойцеся быць свабоднымі!» — Калесьнікава зьвярнулася да людзей з турмы
«Маша вельмі сумуе па гарачым і шчасьлівым вачам беларусаў і перадае ўсім нам, усім неверагодным нам, прывітаньне», — піша тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі, які перадае зварот Марыі Калесьнікавай да беларусаў:
«Свабода вартая таго, каб за яе змагацца. Ня бойцеся быць свабоднымі! Моцна абдымаю і люблю... Вялікі дзякуй сям’і, сябрам, блізкім і ўсім, хто нас падтрымлівае. Я шчасьлівая быць беларускай. Вы неверагодныя! Я ні пра што не шкадую і паступіла б гэтак жа».
Калесьнікава дзякуе міжнароднай супольнасьці і культурнай супольнасьці за падтрымку і салідарнасьць.
Адстаўка Лукашэнкі, вызваленьне палітвязьняў, новыя выбары,— рабочыя менскага завода склалі зварот уладам
Работнікі Мінскага электратэхнічнага завода імя Казлова напісалі калектыўны ліст, які накіравалі ў тым ліку ва ўрад і Вярхоўны суд. Падпісанты патрабуюць сярод іншага спыніць паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі, правесьці новыя выбары, вызваліць палітвязьняў, а таксама спыніць прымяненьне сілы ў дачыненьні да мірнага насельніцтва. Ліст цытуе Tut.by.
Прадстаўнікі МЭТЗ імя Казлова, якія звярнуліся да ўладаў, лічаць мінулыя прэзыдэнцкія выбары сфальсыфікаванымі. Пад зваротам падпісаліся каля 610 чалавек.
У Менску ў парку, дзе выступаў Памідораў, дэмантавалі лаўкі
У менскім парку на Ангарскай, дзе ўчора выступаў Аляксандр Памідораў, сёння раніцай разабралі ўсе лаўкі.
Калі ў супрацоўнікаў камунальных службы спыталі, навошта яны гэта робяць, тыя адказалі: «Загадалі».
Міліцыянты ў цывільным і ў балаклавах 19 верасьня разагналі канцэрт, а музыкаў Аляксандра Памідорава і Вячаслава Наважылава затрымалі і зьмясьцілі ў турму на Акрэсьціна.
Рок-музыкі Памідораў і Наважылаў у турме на Акрэсьціна
Затрыманых 19 верасьня пасьля канцэрту на менскай вуліцы Ангарскай рок-музыкаў Аляксандра Памідораў і Вячаслава Наважылава зьмясьцілі ў турму на Акрэсьціна.
Як паведаміла Іна Наважылава, жонка заснавальніка гомельскага мэтал-гурту Gods Tower, разам зь імі быў схоплены яшчэ адзін хлопец, яго прозьвішча ёй невядомае.
Памідораў і Наважылаў зладзілі выступ у межах папулярных дваровых канцэртаў. У нейкі момант прыехалі аўтобусы без апазнаальных знакаў, паводле сьведкаў, высадзіўся дэсант з паўсотні чалавек у цывільным і невядомых у форме без апазнавальных знакаў. Музыкаў затрымалі.
МУС: 19 верасьня затрымалі 430 чалавек, 385 зь іх адпусьцілі
МУС Беларусі ў сваім тэлеграм-канале паведаміла, што агульная колькасць удзельнікаў 11 пратэстных акцый «не перавысіла 900 чалавек».
«У Менску ў 15.00 на пляцоўцы каля Камароўскага рынку сабралася каля 200 грамадзян, пераважна жанчыны. У працэсе руху калёны колькасьць удзельнікаў павялічылася да 500 чалавек», паведамляе МУС.
Каля скрыжаваньня вуліц Сурганава і Якуба Коласа акцыя была разагнаная. Усяго па Беларусі, паводле МУС, было затрымана 430 чалавек (у Менск — 415), 385 зь іх адпушчаныя.
310 тысяч чалавек падтрымалі Каардынацыйную раду на плятформе «Голас»
Інтэрнэт-плятформа «Голас», якая вяла паралельны падлік галасоў на выбарах 9 жніўня, цяпер зьбірае галасы ў падтрымку Каардынацыйнай рады як прадстаўнічага органа прыхільнікаў пераменаў.
Арганізатары кампаніі перакананыя, што ад глыбокага палітычнага крызісу краіну выратуе толькі дыялёг народа і ўладаў, для арганізацыі якога стваралася Каардынацыйная рада.
Плятформа «Голас» заклікала беларусаў падтрымаць Каардынацыйную раду як асноўнага прадстаўніка беларускага грамадства, бо гэта можа паскорыць працэс пераменаў і дазволіць хутчэй сесьці за стол перамоваў. На гэты час на заклік адклікнулася 310 тысяч чалавек, пішуць арганізатары. Спасылка на апытаньне ТУТ.
Праваабаронцы: учора ў Менску затрымалі 390 чалавек, большую частку адпусьцілі, каля 20 — даставілі ў ізалятар
Большую частку затрыманых падчас разгону Жаночага маршу ў Менску позна ўвечары і ўначы 19 верасьня выпусьцілі з раённых упраўленьняў міліцыі. Але па стане на раніцу 20 верасьня Праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы каля 20 жанчын і мужчын, якіх даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
Пра лёс значнай колькасьці затрыманых учора ў праваабаронцаў інфармацыі няма, як і поўнага сьпісу. МУС Беларусі ўвечары 19 верасьня адмаўлялася паведамляць пра колькасьць затрыманых. Паводле «Вясны» ўсяго ў Менску было затрымана 390 чалавек.
МУС шукае вінаватых ва ўцечцы інфармацыі пра супрацоўнікаў міліцыі ў інтэрнэт
Міністэрства ўнутраных спраў пачало пошукі вінаватых ва ўцечцы інфармацыі пра супрацоўнікаў міліцыі ў інтэрнэт, заявіла ТАСС афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава.
Базу інфармацыі пра сілавікоў 19 верасьня апублікавалі ў тэлеграм-канале НЕХТА.
Апублікаваны сьпіс зьмяшчае інфармацыю пра 1003 супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Беларусі, у тым ліку іх прозьвішчы, імёны, імёны па бацьку, даты нараджэньня, адрасы, падраздзяленьне, дзе яны праходзяць службу, іх званьні і пасады.