Старшыня суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу на «Белшыне» Сяргей Гурло, які 7 дзён галадаў супраць незаконнага зьняволеньня, выйшаў 19 верасьня з бабруйскага ізалятара.
Актывіст кажа, што адчувае слабасьць, але зьбіраецца пайсьці ў начную зьмену на працу. За гэты час ён схуднеў на 5 кіляграм.
56-гадовага Сяргея Гурло забралі з дому 11 верасьня і ў пастарунку склалі на яго пратакол за ўдзел 6 верасьня ў несанкцыянаваным шэсьці.
Ён адзначае, што міліцыянты, значна маладзейшыя за яго, паводзілі сябе «па-хамску». Яны не далі яму схадзіць дамоў па лекі, якія ён прымае рэгулярна дзеля ўнармаваньня ціску. Калі сказалі, што яго вязуць у ізалятар, абвясьціў галадоўку.
Па словах Сяргея Гурло, ён напісаў заяву начальніку ізалятара, што галадае супраць «міліцэйскага беззаконьня».
Ён кажа: супрацоўнікі вязьніцы кпілі зь ягонага пратэсту і палітычных прыхільнасьцяў. Даймалі пытаньнямі, чаму «ягоная прэзыдэнтка Ціханоўская выступае за ўвядзеньне санкцыяў супраць беларускага народу».
Судзілі актывіста ў ізалятары і пакаралі 5 суткамі арышту. Па іх адбыцьці пакінулі даседжваць яшчэ 2 дні за ўдзел у ланцугу салідарнасьці. Актывіст кажа, што ў няволі яму несвоечасова аказвалі мэдычную дапамогу. Першыя дні моцна балела галава.
На «Белшыне» Сяргей Гурло больш за 34 гады працуе вульканізатарнікам шын. У 2006 годзе ўдзельнічаў у калектыўнай галадоўцы работнікаў прадпрыемства супраць перасьледу незалежных прафсаюзаў. Актывіст не выключае, што пасьля зьмены яго зноў могуць затрымаць.