Калі ўдзельніцы Маршу рухаліся па вуліцы Сурганава ў Менску, яны заўважылі аўтазакі на суседняй вуліцы і сталі ў счэпкі.
Каля цэнтру «Айсбэрг» пачаліся затрыманьні, перадае наш карэспандэнт. Прыйшло шмат сілавікоў у балаклавах, яны абкружылі групу ўдзельніц маршу. Заблякаваныя сілавікамі жанчыны стаялі ў счэпцы і гучна крычалі. Пасьля пачаліся грубыя затрыманьні. Супраць адной дзяўчыны амапавец выкарыстаў здушальны прыём.
Затрымалі Ніну Багінскую. Затрымліваў АМАП у чорнай форме і сілавікі ў аліўкавай форме, усе ў балаклавах. Пры затрыманьнях прымяняюць фізычную сілу. Вырываюць жанчын са счэпак, хто ўпіраецца, цягнуць па асфальце. Затрыманых больш за сотню.
Пляцоўка перад цэнтрам НЛО фактычна зачышчаная сілавікамі.
Адна жанчына, якая стаяла ў счэпцы, страціла прытомнасьць, яна проста ляжыць на асфальце на ходніках. Яе атачылі амапаўцы, дапамогу не аказваюць. Сілавікі кажуць, што выклікалі хуткую дапамогу. Падбегла жанчына, крычыць, што гэта яе сястра і ў яе эпілепсія. Просіць, каб ёй аддалі сястру, але сілавікі яе не падпускаюць. Потым жанчына, якая ляжала на ходніках, апыртомнела і сышла разам зь сястрой.
Каля сотні жанчын, заблякаваных сілавікамі ў счэпцы, крычаць: «Дайце нам сысці». «Усе будуць затрыманыя, — кажа супрацоўнік АМАП. — Прапаную прайсьці самастойна».
На вуліцы Якуба Коласа, куды сышла частка ўдзельніц маршу, таксама былі затрыманьні.
На месцы разгону заўважаныя дзьве хуткія дапамогі. Лекары аказваюць дапамогу жанчынам, якія страцілі прытомнасьць.
Падчас Жаночага маршу затрымалі актывістку Вольгу Гарбунову. Раней яна шмат гадоў кіравала прытулкам для жанчын «Радаслава».