Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сайты бяз фота. Эўрапарлямэнт заклікае да санкцый. Ціханоўская складае «сьпіс Тарайкоўскага». Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў 40-ы дзень беларускіх пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

19:39 17.9.2020

У Горадні дзяўчаты зладзілі акцыю ў падтрымку мурала «Жыве Беларусь»

Дзесяць дзяўчат у вясельных сукенках зь бел-чырвона-белымі сьцягамі зладзілі фатасэсію ў падтрымку мурала «Жыве Беларусь». Вялікае палатно ў белым і чырвоным колерах зьявілася на будынку каля турмы ў цэнтры Горадні (Кірава, 3). Аднак арандатары будынку дамовіліся яго прыбраць. Мурал пачалі счышчаць са сьцяны.

19:40 17.9.2020

Да лістапада экспэртная група вырашыць, ці варта праводзіць хакейны чэмпіянат сьвету ў Менску

Міжнародная фэдэрацыя хакею на паседжаньні ў Цурыху, сярод іншага, вырашала лёс сумеснага чэмпіянату сьвету 2021 году ў Менску і Рызе.

Раней урад Латвіі накіраваў у штаб-кватэру фэдэрацыі ліст, у якім было заяўлена, што краіна супраць таго, каб празь цяперашні гвалт у Беларусі частка форуму адбывалася там. Агучвалася прапанова перадаць такое права іншай краіне. Такім чынам, упершыню ў хакейнай гісторыі краіна-арганізатар заявіла пра нежаданьне ладзіць супольны турнір з палітычных прычын. Падрабязна тут.

19:43 17.9.2020

У АБСЭ рыхтуецца маніторынгавая місія для расьсьледаваньня падзеяў у Беларусі

17 краін — чальцоў АБСЭ сёньня заявілі аб ініцыяваньні Маскоўскага мэханізму ў АБСЭ для расьсьледаваньня падзеяў у Беларусі. Першы раз Маскоўскі мэханізм у дачыненьні да Беларусі быў ініцыяваны ў красавіку 2011 году, пасьля масавых рэпрэсіяў, якія адбыліся пасьля выбараў 2010 году.

Па правілах АБСЭ мэханізм можа быць запушчаны 10-ю дзяржавамі-ўдзельніцамі без папярэдніх перамоваў зь дзяржавай, адносна якой прапануецца правесьці дасьледаваньне.

Бэльгія, Канада, Чэхія, Данія, Фінляндыя, Францыя, Ісьляндыя, Латвія, Літва, Нарвэгія, Нідэрлянды, Польшча, Румынія, Славаччына, Вялікая Брытанія і ЗША ў сумеснай заяве падтрымалі ідэю спрыяньня нацыянальнаму дыялёгу ў Беларусі. Краіны — чальцы АБСЭ неаднаразова зьвярталіся да беларускага боку, але іх звароты засталіся без адказу. Цалкам чытайце тут.

20:44 17.9.2020

Лукашэнка заявіў пра закрыцьцё межаў зь Літвой і Польшчай, узмацненьне мяжы з Украінай

«Беларусь ня стане на калені, нават калі застанецца ў адзіночку. Аб гэтым Аляксандар Лукашэнка заявіў, выступаючы на жаночым форуме „За Беларусь“», — паведамляе БЕЛТА.

«Мы вымушаныя адвесьці войскі з вуліц, паўвойска паставіць пад ружжо і закрыць дзяржаўную мяжу з захаду, перш за ўсё зь Літвой і Польшчай. Мы вымушаныя ўзмацніць дзяржаўную мяжу, на вялікі жаль, з нашай брацкай Украінай».

Што азначаюць словы Лукашэнкі на практыцы, пакуль незразумела.

Падчас выступу Лукашэнка таксама заявіў, што яму не патрэбнае прызнаньне выбараў іншымі дзяржавамі, і пахваліў АМАП. «Нібыта на Акрэсьціна яны нешта пабілі, кагосьці забілі. Амапаўцы ніколі не дзяжураць, ніколі не былі ні ў СІЗА, ні на Акрэсьціна. Там нясуць службу вайскоўцы ўнутраных войскаў. Амапаўцы, гэтыя хлопцы сарвалі бліцкрыг пад бел-чырвона-белымі сьцягамі».

21:45 17.9.2020

Бяляцкі: «Мы цяпер перажываем сапраўдную прававую і цывілізацыйную катастрофу»

Амбасадар Польшчы ад імя Таварыства Яна Карскага 17 верасьня ўручыў Праваабарончаму цэнтру «Вясна» прэстыжную польскую прэмію «Арол Яна Карскага» — «за шматгадовую абарону правоў чалавека, годнасьці і дэмакратыі».

«Мы цяпер перажываем сапраўдную прававую і цывілізацыйную катастрофу, калі зачыняюцца тэатры, разганяюцца працоўныя калектывы, аказваецца ціск на рэлігійную частку нашага грамадзтва, найперш на каталікоў, — заявіў старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі. — Цяпер у Беларусі адбываецца катастрофа, калі ўзброеныя да зубоў спэцатрады тэрарызуюць беларускае грамадства».

Паводле Бяляцкага, толькі сёньня па адміністрацыйных справах каля тысячы чалавек знаходзяцца ў турмах Менску і Жодзіна, больш за 250 чалавек знаходзяцца зараз у СІЗА ці зьяўляюцца падазраванымі пад падпіскай па крымінальных справах. Рэпартаж з уручэньня прэміі чытайце па спасылцы.

21:48 17.9.2020

«30% — гэта сілавікі». Хто зьвяртаецца па дапамогу да фондаў беларускай салідарнасьці і як яны працуюць

Кіраўнік PandaDoc Мікіта Мікада заявіў, што з прычыны арыштаў супрацоўнікаў кампаніі ў Беларусі прыпыніў праект дапамогі сілавікам, якія вырашылі звольніцца на фоне затрыманьняў і зьбіваньня пратэстоўцаў. Праект Protect Belarus прапаноўваў сілавікам, якія звольніліся, фінансавую і юрыдычную дапамогу, а таксама аплату курсаў перакваліфікацыі. Працягнуць справу Мікада мае намер адзін з кіраўнікоў стартапу Deepdee Яраслаў Ліхачэўскі.

Чым і як дапамагае фонд, заснаваны Мікітам Мікада, каму ўжо дапамог і на якія сумы, а таксама аб працы іншых фондаў у эфіры «Настоящего времени» расказаў Андрэй Стрыжак, сузаснавальнік Фонду салідарнасьці, сябра Каардынацыйнай рады. Чытайце па спасылцы.

22:19 17.9.2020

Затрымалі некалькі супрацоўнікаў «Гродна Азот», у іх дома прайшлі ператрусы

Стала вядома, што сёньня на «Гродна Азот» затрымалі некалькі чалавек, у іх дома прайшлі ператрусы. Прычына пакуль невядомая. На тэрыторыі заводу нехта чарговым разам вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг.

XS
SM
MD
LG