Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сайты бяз фота. Эўрапарлямэнт заклікае да санкцый. Ціханоўская складае «сьпіс Тарайкоўскага». Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў 40-ы дзень беларускіх пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

11:51 17.9.2020

За што звольнілі пасла Беларусі ў Латвіі Марковіча

Лукашэнка вызваліў ад пасады Васіля Маркавіча і пазбавіў дыпляматычнага рангу за «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў». Мы сабралі важныя факты пра Васіля Марковіча.

➖ Яму 64 гады. Родам зь Берасьцейшчыны. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Гаворыць па-нямецку і па-чэску. Жанаты, мае сына і дачку
➖ Быў генэральным консулам Беларусі ў Латвіі, начальнікам аддзелу ўпраўленьня кадраў МЗС, начальнікам Службы дзяржаўнага пратаколу МЗС, паслом Беларусі ў Чэхіі і Латвіі.
➖ У Чэхіі пасольства прафінансавала выданьне мапы «Беларуская Прага», якую стварылі беларускія студэнты Карлавага ўнівэрсытэту.
➖ У часе кіраваньня Генэральным консульствам у Даўгаўпілсе Марковіч спрычыніўся да адкрыцьця Цэнтру беларускай культуры.
➖ Падчас прэзыдэнцкіх выбараў агульны вынік галасаваньня беларусаў у Латвіі быў наступны: 59% за Святлану Ціханоўскую і 34% – за Аляксандра Лукашэнку.
➖ У канцы жніўня Марковіча выклікалі ў МЗС Беларусі, дзе запатрабавалі тлумачэньняў у сувязі з прамовай Лукашэнкі, які сьцьвярджаў, што беларускія пратэсты кіруюцца ў тым ліку і ў МЗС Латвіі.
➖ У канцы жніўня стала вядома, што візыт Лукашэнкі ў Рыгу, які плянаваўся яшчэ ў красавіку, «зьняты з парадку дня». Як растлумачыў кіраўнік МЗС Латвіі, «з прычыны апошніх падзей у Беларусі і таго, што Латвія і іншыя краіны Эўразьвязу не прызнаюць вынікаў выбараў».

11:22 17.9.2020

Намесьнік міністра замежных спраў Украіны: «Улады Беларусі парушаюць сваё ўласнае заканадаўства»

Беларускія ўлады «літаральна некалькі дзён таму ўносяць Ізраіль у чырвоны сьпіс: для грамадзян, якія прыбываюць з гэтай дзяржавы, забаронены нават элемэнтарна транзыт. Але беларускія ўлады вырашаюць парушыць чамусьці сваё ўласнае заканадаўства і дазваляюць уезд на тэрыторыю сваёй краіны соцень і соцень прадстаўнікоў Дзяржавы Ізраіль. Больш за тое, яны ствараюць умовы для іх транзыту ў бок украінска-беларускай мяжы. Яны відавочна сьвядома садзейнічаюць таму, каб у раёне пунктаў пропуску была вялікая колькасьць людзей, што відавочна не спрыяе прафіляктыцы распаўсюджваньня COVID-19».

Больш прачытаць можна тут.

10:51 17.9.2020

17 верасьня галоўныя старонкі сайтаў незалежных мэдыя выходзяць без фатаздымкаў. Такім чынам журналісты выказваюць салідарнасьць з фотарэпартэрамі Аляксандрам Васюковічам і Аляксандрам Грыдзінам, якіх учора асудзілі за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі». Яны выконвалі прафэсійныя абавязкі, асьвятляючы акцыю пратэсту «Марш герояў».

10:38 17.9.2020

Дабрачынны фонд дапамагае адлічаным беларускім студэнтам паступіць у ВНУ Ўкраіны

Дабрачынны фонд «Беларусь будучыні» інфармуе, што студэнтам, якіх незаконна адлічылі зь беларускіх ВНУ, фонд аказвае дапамогу на тэрыторыі Ўкраіны з паступленьнем ва ўкраінскія ўнівэрсытэты. Пра гэта піша ў сваім тэлеграм-канале Валер Цапкала.

З пытаньнямі ці па неабходную дапамогу фонд прапануе зьвяртацца на электронны адрас helpbelarus.by@gmail.com.

10:18 17.9.2020

Затрымалі сябра страйкаму ААТ «Беларуськалія» Рамана Бандароўца, піша тэлеграм-канал страйкаму. Затрыманы знаходзіцца ў Салігорскім РАУС.

10:05 17.9.2020

Сьвятлана Ціханоўская складае санкцыйны «сьпіс Тарайкоўскага»

«Нам перадалі імёны і прозьвішчы тых, хто катуе і б'е людзей. Таму мы рыхтуем асобны сьпіс чыноўнікаў і сілавікоў, якія ўдзельнічалі і працягваюць удзельнічаць у міліцэйскім свавольстве. Мы назвалі яго «сьпісам Тарайкоўскага». Аляксандар Тарайкоўскі стаў першай ахвярай міліцэйскага гвалту. У санкцыйны сьпіс увойдуць асобы, датычныя да катаваньняў, незаконных арыштаў і зьдзекаў з затрыманых. Для ідэнтыфікацыі вінаватых мы актыўна працуем з праваабаронцамі і праектам «Чорная кніга Беларусі». Сьпіс будзе апублікаваны і будзе пастаянна пашырацца.

Я прапаную сілавікам спыніць гвалт і перайсьці на бок беларускага народу. У адваротным выпадку вам не пазьбегнуць справядлівага суду і пакараньня», інфармуе Пул Первой.

08:02 17.9.2020

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо заклікаў усе краіны, асабліва Расею, «паважаць сувэрэнітэт Беларусі».

Пампэо падкрэсьліў, што Вашынгтон каардынуе зь Вялікай Брытаніяй і Эўразьвязам санкцыі, якія прызваны абараніць «законныя патрабаваньні беларускага народу».

«Беларусы, якія пратэстуюць супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў, сапраўды натхняюць усіх нас. Жорсткасьць да ніх мусіць спыніцца. І ўлады павінны вызваліць грамадзяніна ЗША Віталя Шклярава, якога затрымалі памылкова», – сказаў Пампэо.

XS
SM
MD
LG