Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар выступіла з заявай з нагоды арышту фотакарэспандэнтаў Аляксандра Васюковіча і Ўладзя Грыдзіна.
«РСЭ/РС асуджае прысуды да зьняволеньня журналістаў Уладзя Грыдзіна і Аляксандра Васюковіча проста за выкананьне працы журналістаў — паведамленьне навінаў. Гэтыя прысуды — апошнія прыклады няспыннага нападу з боку беларускіх уладаў на незалежную журналістыку і відавочная спроба прымусіць змоўкнуць рэпартэраў, якія расказваюць праўду пра мноства парушэньняў на выбарах у Беларусі і брутальны перасьлед грамадзян, які сьвет назірае апошнія тыдні».
16 верасьня суд прызнаў Аляксандра Васюковіча і Ўладзя Грыдзіна вінаватымі ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу). Кожнаму зь іх прысудзілі па 11 сутак арышту. Яны знаходзяцца за кратамі зь вечара 13 верасьня.