Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаночая акцыя ў Горадні, 12 верасьня
Жаночая акцыя ў Горадні, 12 верасьня

Што адбываецца ў 39-ы дзень беларускіх пратэстаў

Што адбываецца ў 39-ы дзень беларускіх пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

16:53 16.9.2020

Лукашэнка запатрабаваў перарэгістраваць усе 15 партыяў, афіцыйна зарэгістраваных у Беларусі

«Мы ж разумеем, што гэта ня партыі. Калі 10 зь іх адхіліліся ад сваіх статутаў, задач і патрабуюць новых выбараў. Міністру юстыцыі даручаю старанна паглядзець на ўсе партыі — ці адпавядаюць яны патрабаваньням па колькасьці, структуры, ці працуюць па сваім статуце. Трэба правесьці іх перарэгістрацыю», — сказаў Лукашэнка, яго цытуе БелТА.

Працэдура перарэгістрацыі не прадугледжаная законам «Аб палітычных партыях».

16:44 16.9.2020

Прэзыдэнтка Славаччыны патэлефанавала Сьвятлане Алексіевіч

Прэзыдэнтка Славаччыны Зузана Чапутава патэлефанавала ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі па літаратуры, сябру Каардынацыйнай рады Сьвятлане Алексіевіч.

«Паразмаўлялі са Сьвятланай Алексіевіч – адважнай жанчынай, якая выступае ў абарону свабоды і дэмакратыі для жыхароў Беларусі. Я выказала салідарнасьць і падтрымку ўсім, хто заклікае да свабодных і сумленных выбараў. Мая павага мірнаму пратэсту і сапраўднаму жаданьню жыць свабодна і годна», – напісала Зузана Чапутава ў Твітары.

16:43 16.9.2020

Лукашэнка папрасіў у Расеі «некаторыя тыпы ўзбраеньня»

Беларусь зьвярнулася да Расеі з просьбай аб новых відах узбраеньня для ўмацаваньня бясьпекі «саюзнай дзяржавы», заявіў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу.

«Я таксама прасіў прэзыдэнта Расеі аб некаторых тыпах узбраеньняў. Сказаў яму, што калі вы прыедзеце, мы паглядзім, што нам і дзе трэба рэальна ўмацаваць у пляне Саюзнай дзяржавы», — цытуе Лукашэнку БелТА.

«Баяцца няма чаго, мы гатовыя на гэта ісьці. Апошнія падзеі паказваюць, што трэба сьмялей абараняць інтарэсы і беларусаў, і расейцаў. Так здарылася, што мы ў гэтым пляне засталіся адны, але ня самыя слабыя», — заявіў Лукашэнка.

16:42 16.9.2020

Эўрапарлямэнт прапануе не праводзіць у Беларусі чэмпіянат сьвету па хакеі-2021 і спыніць фінансаваньне падуладных структураў

Эўрапейскі парлямэнт падрыхтаваў рэзалюцыю па Беларусі, у якой пацьвярджае, што не прызнае вынікі прэзыдэнцкіх выбараў і што пасьля заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі ня будзе лічыць яго прэзыдэнтам.

Эўрапарлямэнт падтрымлівае ідэю нацыянальнага дыялёгу пры дапамозе АБСЭ, заклікае арганізаваць пільнае расьсьледаваньне фактаў гвалту, правесьці новыя выбары з удзелам назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЭ, а таксама рэкамэндуе Эўракамісіі:

  • павялічыць фінансаваньне грамадзянскай супольнасьці Беларусі
  • замарозіць трансфэры сродкаў Эўразьвязу дзяржаўным і падкантрольным ураду структурам
  • спыніць пазыкі ўраду ад Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і ЭББР
  • арганізаваць канфэрэнцыю донараў для дэмакратычнай Беларусі, дзе разгледзець «шматмільярдны фінансавы пакет» для падтрымкі будучых рэформаў
  • заклікае прыпыніць зь Беларусьсю перамовы аб прыярытэтах эўрапейскага партнэрства
  • стварыць гуманітарны калідор і спрасьціць выдачу візаў палітуцекачам і тым, хто мае патрэбу ў мэдычнай дапамозе пасьля гвалту
  • распрацаваць у Эўропе адмысловую стыпэндыяльную праграму для студэнтаў, выключаных зь беларускіх ВНУ з палітычных матываў
  • заклікае не праводзіць у Беларусі частку чэмпіянату сьвету па хакеі-2021.

Цалкам чытайце тут.

16:41 16.9.2020

Куды пайшлі 1,4 млрд даляраў золатавалютных рэзэрваў Беларусі і ці дапамогуць расейскія грошы

Мінус 1,4 мільярда даляраў толькі за жнівень — нагэтулькі скараціліся золатавалютныя рэзэрвы. Паводле эканаміста дасьледчага цэнтру Beroc Дзьмітрыя Крука:

  • ЗВР скараціліся з прычыны падвышанага попыту на замежную валюту і адтоку банкаўскіх дэпазытаў.
  • Банкі былі вымушаныя самі выступаць пакупнікамі валюты.
  • Улады зьменшылі рублёвую масу, каб людзям не было за што набываць валюту.
  • Такая палітыка Нацбанку ў пэрспэктыве адаб’ецца на рэальным сэктары: ня будзе чым крэдытаваць прадпрыемствы, зьменшацца заробкі.
  • 1,5 мільярда даляраў ад Расеі — гэта толькі адтэрміноўка праблемы. Адток дэпазытаў працягваецца.
  • Частка грошай ад Расеі можа пайсьці на выплаты даўгоў самой Расеі, калі Беларусь «наогул зможа атрымаць жывыя грошы, а ня толькі рэфінансаваньне даўгоў на гэтую суму».

Падрабязна чытайце па спасылцы.

16:35 16.9.2020

У БДУІР прайшоў пікет у падтрымку арыштаванага студэнта, які на відэа міліцыі зьняпраўдзіў сваё зьбіцьцё

16 верасьня ў БДУІР прайшла акцыя салідарнасьці з арыштаваным студэнтам унівэрсытэту Міхаілам Клачковым. Тым часам Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала відэазапіс, у якім студэнт адмаўляецца ад уласных слоў пра зьбіваньне ў міліцыі «да страты прытомнасьці».

Міхаіл Клачкоў адбывае адміністрацыйны арышт у ізалятары на Акрэсьціна, таму пачуць ягоную вэрсію пакуль немагчыма. Але сябры Міхаіла, зь якімі ўдалося пагаварыць Свабодзе, ня вераць, што ён выказваўся на відэа не пад прымусам. Паводле іх, ужытае Клачковым слова «хайп» — не зь ягонага лексыкону. Таксама падазроным яны назвалі тое, што твар Міхаіла на відэа размыты. «Гэта, бадай, для таго, каб не былі відаць сьляды ўдараў», — мяркуюць студэнты БДУІР. Цалкам чытайце тут.

16:16 16.9.2020

З ізалятара выпусьцілі магілёўскага журналіста, справу накіравалі на дапрацоўку

Пасьля трох дзён зьняволеньня вызвалілі з ізалятара журналіста інтэрнэт-выданьня «Магілёўскі рэгіён 6tv.by» Аляксандра Сабалеўскага. Справу судзьдзя Ленінскага суду Тацяна Касьцюк накіравала на дапрацоўку.

Затрымалі журналіста 13 верасьня, калі ён асьвятляў Марш герояў. Сваё зьняволеньне Сабалеўскі назваў выкраданьнем і перашкодай журналісцкай дзейнасьці, а распачатую справу — «поўнай лухтой». «Гэта нават убачыла судзьдзя», — адзначае ён.

На разгляд справы Сабалеўскага не прывезьлі. Узяліся судзіць праз скайп, але праз 10 хвілін судзьдзя спыніла працэс. Журналіста падвезьлі да будынку суду, бо, паводле яго, міліцыянты ехалі па сваіх справах у пракуратуру. Потым «канвой» завёз яго ў абласное ўпраўленьне судовых экспэртызаў, дзе сфатаграфавалі «ўва ўсіх ракурсах», узялі адбіткі пальцаў ды вызвалілі.

15:17 16.9.2020

Ці сапраўды беларуская рэвалюцыя дыскрэдытавала стратэгію мірнага пратэсту?

Разважае палітычны аналітык Валер Карбалевіч. Сьцісла:

  • Нямірных рэвалюцый у ХХІ стагодзьдзі было нямала.
  • Любая палітычная сыстэма ў любой краіне (асабліва калі яна доўга існуе) фармуе сацыяльны слой, на які абапіраецца і які становіцца яе бэніфіцыярам.
  • Моц рэжыму Лукашэнкі палягае ў велізарнай ролі дзяржавы ў эканоміцы, сацыяльнай сфэры, грамадзтве ўвогуле.
  • Гэты дзяржаўны монстар стварае сытуацыю, калі кантролем за палітычнай ляяльнасьцю грамадзян і палітычнымі рэпрэсіямі займаюцца ня толькі праваахоўныя органы і спэцслужбы, але і ўсе дзяржаўныя ўстановы.
  • У Беларусі палітычная сыстэма абсалютна стэрыльная. Няма ніводнай выспы, ніводнага лапіка, які б мела апазыцыя ў гэтай сыстэме.
  • Цягам чвэрці стагодзьдзя ня толькі дзяржаўныя мэдыя, але і ўся сыстэма ідэалягічнай працы займаецца татальнай дэманізацыяй праціўнікаў рэжыму.
  • Кароткая грамадзянская вайна ў першыя трое сутак пасьля выбараў выклікала жорсткую адмоўную рэакцыю ў асяродзьдзі абодвух бакоў канфлікту.

Цалкам чытайце тут.

15:15 16.9.2020

Украіна заклікала кіраўніцтва Беларусі перастаць ствараць дадатковае напружаньне ў сувязі з хасыдамі

«Заклікаем беларускія ўлады спыніць ствараць дадатковае напружаньне на мяжы з нашай дзяржавай і не распаўсюджваць ілжывыя абнадзейлівыя заявы для пілігрымаў, якія могуць стварыць у іх адчуваньне, што мяжа Ўкраіны ўсё ж можа быць адкрытая для замежнікаў», — гаворыцца ў заяве Офіса прэзыдэнта аб сытуацыі з хасыдамі на беларуска-ўкраінскай мяжы, апублікаванай у сераду днём.

Украінскія ўлады не пускаюць іх на сваю тэрыторыю праз каранавірус.

15:01 16.9.2020

Эўрапейскі аналітык: «Прызнаньне Ціханоўскай ня зробіць больш зразумелым, што рабіць далей»

Сытуацыю вакол эўрапейскай і расейскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі ў інтэрвію Радыё Свабода аналізуе Алена Кудзько, дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute, які базуецца ў Браціславе.

Чытайце тут

15:00 16.9.2020

Фотакарэспандэнтаў Васюковіча і Грыдзіна судзяць ужо за іншую несанкцыянаваную акцыю

Уладзь Грыдзін
Уладзь Грыдзін

У судзе Фрунзэнскага раёну Менску 17 верасьня ўзнавіліся адміністрацыйныя працэсы над фотакарэспандэнтамі Аляксандрам Васюковічам, Уладзем Грыдзіным і іхным сябрам Ягорам Калягіным, якіх затрымалі ўвечары 13 верасьня ў менскім бары «1067». Іх вінавацяць у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Чытаць падрабязьней

14:54 16.9.2020

Выйшаў на прабежку — зламалі хрыбетнік. Як пабілі былога трэнэра зборнай у плаваньні

Былы трэнэр зборнай у плаваньні Павал Сіцянкоў увечары 11 жніўня выйшаў на прабежку ў Горадні. Каля філярмоніі супрацоўнікі АМАПу затрымалі мужчыну і моцна пабілі. Сіцянкоў правёў ноч у ізалятары. Пасьля суду з дыягназам «пералом чатырох хрыбетак шыйнага аддзелу» ён трапіў у лякарню хуткай дапамогі.

14:53 16.9.2020

Ці сапраўды беларуская рэвалюцыя дыскрэдытавала стратэгію мірнага пратэсту?

  • Нямірных рэвалюцый у ХХІ стагодзьдзі было нямала.
  • Любая палітычная сыстэма ў любой краіне (асабліва калі яна доўга існуе) фармуе сацыяльны слой, на які абапіраецца і які становіцца яе бэніфіцыярам.
  • Моц рэжыму Лукашэнкі палягае ў вялізарнай ролі дзяржавы ў эканоміцы, сацыяльнай сфэры, грамадзтве ўвогуле.
  • Гэты дзяржаўны монстар стварае сытуацыю, калі кантролем за палітычнай ляяльнасьцю грамадзян і палітычнымі рэпрэсіямі займаюцца ня толькі праваахоўныя органы і спэцслужбы, але і ўсе дзяржаўныя ўстановы.
  • У Беларусі палітычная сыстэма абсалютна стэрыльная. Няма ніводнай выспы, ніводнага лапіка, які б мела апазыцыя ў гэтай сыстэме.
  • Цягам чвэрці стагодзьдзя ня толькі дзяржаўныя мэдыя, але і ўся сыстэма ідэалягічнай працы займаецца татальнай дэманізацыяй праціўнікаў рэжыму.
  • Кароткая грамадзянская вайна ў першыя трое сутак пасьля выбараў выклікала жорсткую адмоўную рэакцыю ў асяродзьдзі абодвух бакоў канфлікту.

Чытайце цалкам

14:52 16.9.2020

У Офісе Зяленскага заклікалі кіраўніцтва Беларусі спыніць ствараць дадатковае напружаньне ў сувязі з хасыдамі.

«Заклікаем беларускія ўлады спыніць ствараць дадатковае напружаньне на мяжы з нашай дзяржавай і не распаўсюджваць ілжывыя абнадзейлівыя заявы для пілігрымаў, якія могуць стварыць у іх адчуваньне, што мяжа Ўкраіны ўсё ж можа быць адкрытая для замежнікаў», – гаворыцца ў заяве Офіса прэзыдэнта аб сытуацыі з хасыдамі на беларуска-ўкраінскай мяжы, апублікаванай у сераду днём.

Украінскія ўлады не пускаюць іх на сваю тэрыторыю праз каранавірус.

14:35 16.9.2020

Невядомыя ў масках схапілі дзяўчыну зь бел-чырвона-белым сьцягам ля мэтро «Міхалова» ў Менску.

14:34 16.9.2020

Расейская выведка: ЗША намагаюцца арганізаваць у Беларусі «каляровую рэвалюцыю»

«Злучаныя Штаты Амэрыкі накіравалі каля 20 мільёнаў даляраў на арганізацыю антыўрадавых акцый у Беларусі», — кіраўнік Службы вонкавай выведкі Расеі. Яго словы прыводзіць агенцтва «Інтэрфакс».

«На гэтыя грошы ажыцьцяўлялася фармаваньне сеткі „незалежных блогераў“ і інфармацыйных акаўнтаў у сацсетках, падрыхтоўка актывістаў да правядзеньня вулічных акцый... З найбольш пэрспэктыўнымі займаліся спрактыкаваныя амэрыканскія інструктары ў „негвалтоўных пратэстах“».

Паводле Сяргея Нарышкіна, ЗША намагаюцца арганізаваць у Беларусі «каляровую рэвалюцыю» і антыканстытуцыйны пераварот. Амэрыка, як заявіў Нарышкін, настойвае ў кантактах з эўрапейскімі партнэрамі ў ціску на Менск.

«ЗША ўзялі Ціханоўскую пад шчыльную апеку нароўні зь іншымі беларускімі апазыцыйнымі актывістамі». — заявіў Сяргей Нарышкін

14:13 16.9.2020

Крэмль ня лічыць, што Лукашэнку патрэбны гарантыі бясьпекі ў Беларусі

«Лукашэнка зьяўляецца легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Ня думаю, што ён мае патрэбу ў нейкіх гарантыях бясьпекі ў сябе ў краіне. А ў астатнім гэта ўсё ўнутраная справа Беларусі», — сказаў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў журналістам у сераду.

Так ён пракамэнтаваў заяву Сьвятланы Ціханоўскай пра тое, што апазыцыя гатовая даць Лукашэнку гарантыі бясьпекі, у выпадку калі ён мірна адыдзе ад улады.

14:12 16.9.2020

Ягору Калягіну, якога затрымали разам з фатографамі Грыдзіным і Васюковічам, прысудзілі штраф 540 рублёў.

13:27 16.9.2020

Ціханоўская паразмаўляла са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай

Сьвятлана Ціханоўская і Івонка Сурвіла
Сьвятлана Ціханоўская і Івонка Сурвіла

Падчас тэлефоннага званка Сьвятлана Ціханоўская падзякавала Івонцы Сурвіле за шматгадовую працу на карысьць незалежнай і свабоднай Беларусі і за падтрымку беларускай дыяспары, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.

Івонка Сурвіла ў сваю чаргу асабіста прывітала Сьвятлану Ціханоўскую зь перамогай і выказала словы падтрымкі ад імя беларускай дыяспары і Рады БНР.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі – найвышэйшы кіроўны орган БНР, які з 1919 года дзейнічае на эміграцыі і зьяўляецца адной з ключавых палітычных арганізацый беларускай дыяспары.

13:25 16.9.2020

З наступнага тыдня Літва спрашчае працэдуру выдачы віз беларусам

Паводле МЗС Літвы, з 21 верасьня грамадзяне Беларусі змогуць атрымліваць нацыянальную літоўскую візу на паўгоду, прадстаўляючы мінімальны пакет дакумэнтаў і доказ сваёй фінансавай забясьпечанасьці – сродкі на тры месяцы, альбо абавязацельства юрыдычнай асобы па забесьпячэньні такіх сродкаў.

Такім чынам, да беларусаў будуць прад'яўляцца такія ж умовы выдачы нацыянальных віз, як да грамадзян Аўстраліі, Японіі, Злучанага Каралеўства, ЗША, Канады, Новай Зэляндыі і Паўднёвай Карэі, паведамляе delfi.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG