Кіраўнік расейскай дзяржаўнай карпарацыі «Роскосмос» Дзьмітры Рагозін заявіў, што «Вэнэра — гэта расейская плянэта». Паводле яго, Расея плянуе адправіць на другую плянэту ад Сонца ўласную экспэдыцыю. Пра гэта паведамляе ТАСС.
Рагозін заявіў, што СССР — гэта адзіная краіна, якая раней запускала пасьпяховыя місіі да Вэнэры. Цяпер рыхтуецца місія «Вэнэра-Д», якая першапачаткова мелася быць расейска-амэрыканскай. 15 верасьня ў «Роскосмосе» заявілі, што гэта будзе «незалежны нацыянальны праект без шырокага прыцягненьня міжнароднай каапэрацыі».
Раней навукоўцы зь Вялікай Брытаніі і ЗША выявілі ў атмасфэры Вэнэры фасфін, які выпрацоўваюць мікраарганізмы, не выкарыстоўваючы для дыханьня кісларод. Пасьля таго як гэтыя дадзеныя былі апублікаваныя, стала вядома, што фонд «Breakthrough Initiatives», створаны расейскім бізнэсоўцам Юрыем Мільнерам, будзе фінансаваць дасьледаваньні, зьвязаныя з пошукамі жыцьця ў атмасфэры Вэнэры. Навуковую групу, у якую ўвойдуць хімікі, фізыкі, астраномы і інжынэры, узначаліць прафэсар плянэталёгіі Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту Сара Сыгер.
У «Роскосмосе» заявілі, што адкрыцьці, зробленыя дыстанцыйна, ня лічацца аб’ектыўнымі доказамі наяўнасьці жыцьця на плянэце. У карпарацыі лічаць, што для пэўнасьці трэба мець дадзеныя, атрыманыя пры кантактных дасьледаваньнях.