Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты юрыдычнага факультэту БДУ ў Менску «паказалі сучасную мадэль беларускай Фэміды», прадэманстраваўшы парушаныя артыкулы Канстытуцыі Беларусі
Студэнты юрыдычнага факультэту БДУ ў Менску «паказалі сучасную мадэль беларускай Фэміды», прадэманстраваўшы парушаныя артыкулы Канстытуцыі Беларусі

Эўразьвяз ня лічыць Лукашэнку прэзыдэнтам. Судовы канвэер. Што адбываецца у 38-ы дзень беларускіх пратэстаў

абноўлена

Што адбываецца у 38-ы дзень беларускіх пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

20:00 15.9.2020

«Пазбавілі базавых чалавечых свабодаў» — жонка Шклярава пра яго ўтрыманьне ў менскім СІЗА

Хідэр Шкляраў, супрацоўніца Дзярждэпартамэнту ЗША і жонка затрыманага ў Беларусі паліттэхноляга Віталя Шклярава, расказала BuzzFeed пра яго дрэннае самаадчуваньне. «Да Віталя ўжываюць неверагодны псыхалягічны ціск, яго пазбавілі базавых чалавечых свабодаў, каб ён абгаварыў сябе», — паведаміла яна. Яна дадала, што ёй забаранілі абменьвацца лістамі з мужам.

«У ягонай камэры кругласутачна гарыць сьвятло і гучна грае музыка, таму ён ня можа нармальна спаць. Яму дазваляюць мыцца толькі па серадах, ставячы перад ім вядро цёплай вады. Яго разьдзявалі падчас ператрусаў, прымушалі гадзінамі стаяць голым у камэры і не дазвалялі нават садзіцца на ложак на працягу дня. У яго зламаны палец на назе, але ён нават адвакату баіцца расказаць, пры якіх абставінах гэта адбылося. Лекары яго ня лечаць», — адзначыла Хідэр.

21:43 15.9.2020

«Стаяў катавальны аўтазак». Расказ менскага студэнта, якога жорстка зьбілі сілавікі і адрэзалі яму валасы

Аляксею Курачову 20 гадоў. Яго затрымалі ў Менску ў ноч на 13 жніўня і доўга білі — спачатку пры затрыманьні, потым у аўтазаку. Аляксей расказвае, што ў нейкі момант зрабіў выгляд, што страціў прытомнасьць, каб сілавікі перасталі яго біць. Толькі пасьля гэтага яму выклікалі хуткую. У шпіталі паставілі дыягназ: закрытая лёгкая чэрапна-мазгавая траўма, страсеньне галаўнога мозгу, сінякі, траўматычны шок 2-й ступені, пералом. Цяпер Аляксей праходзіць лячэньне ў Варшаве, пасьля аднаўленьня мае намер вярнуцца ў Менск.

Пра тое, што адбывалася зь ім і зь іншымі пратэстоўцамі ўначы 13 жніўня, Аляксей расказаў «Настоящему времени». Чытайце па спасылцы.

22:18 15.9.2020

Амэрыканская кампанія, чыя тэхніка ўжывалася для блякаваньня інтэрнэту, скасавала кантракт зь Беларусьсю

Амэрыканская кампанія Sandvine Inc., чыя тэхналёгія ўжывалася для блякаваньня інтэрнэту, скасавала ўгоду зь Беларусьсю, заявіўшы, што ўрад выкарыстоўвае яе тэхналёгіі для парушэньня правоў чалавека, паведамляе Bloomberg.

Тэхналёгія кампаніі, якая выкарыстоўваецца для фільтрацыі і кіраваньня інтэрнэт-сеткамі, была выкарыстаная дзяржаўным інтэрнэт-агенцтвам у Беларусі для блякаваньня тысяч вэбсайтаў у краіне падчас агульнанацыянальных пратэстаў з нагоды спрэчных выбараў.

У заяве Sandvine у аўторак сказана, што папярэдняе расьсьледаваньне выявіла, што ў прадукцыю кампаніі быў усталяваны «карыстальніцкі код» «з мэтай сарваць свабодны паток інфармацыі падчас выбараў у Беларусі». «Гэта — парушэньне правоў чалавека, і гэта выклікала аўтаматычнае спыненьне нашага ліцэнзійнага пагадненьня з кліентам», — сказана ў заяве. Цалкам чытайце тут.

22:20 15.9.2020

У Магілёве асудзілі жанчыну з 30-мэтровым бел-чырвона-белым сьцягам

У Магілёве асудзілі ўдзельніцу Маршу герояў Ірыну Пятрову, якая з акцыі пратэсту несла 30-мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг. Яе пакаралі штрафам у 405 рублёў.

Да суду жанчыну двое сутак трымалі ў ізалятары. Суд адбыўся праз скайп зь Ленінскага аддзелу міліцыі. Паведамленьня аб працэсе на дошцы аб’яваў суду, які разглядаў справу Пятровай, не было.

На жанчыну склалі тры пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, аб’ядналі іх у адну справу. Доказам віны было відэа, на якім жанчына трымаецца разам з групай грамадзян за сьцяг. Падрабязнасьці па спасылцы.

22:50 15.9.2020

Караеў папрасіў абараніць сілавікоў, якія выступаюць сьведкамі ў судах

Міністар унутраных спраў Беларусі Юры Караеў накіраваў у пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу зварот, у якім гаворыць пра неабароненасьць сваіх супрацоўнікаў, якія выступаюць сьведкамі падчас адміністрацыйных працэсаў. Ён адзначае, што судовыя паседжаньні зьяўляюцца адкрытымі, і «прадстаўнікі дэструктыўных сіл», СМІ і іншыя вядуць аўдыё-, фота- і відэафіксацыю працэсу. Пасьля пэрсанальныя дадзеныя сілавікоў зь іх фатаздымкамі разьмяшчаюць у інтэрнэце «з заклікамі аказаньня псыхалягічнага і фізычнага ціску на службовых асоб органаў унутраных спраў і іхных семʼяў».

З улікам сказанага Караеў прапануе шэраг захадаў дзеля забесьпячэньня бясьпекі тых, хто выступае сьведкамі на судах:

  • неразгалошваньне іх асабістай інфармацыі,
  • вызваленьне ад яўкі ў суд,
  • закрыты разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэньні,
  • забарона на выдачу зьвестак.

Адпаведныя зьмены ён прапануе ўнесьці ў праект Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Цалкам чытайце тут.

22:52 15.9.2020

Заснавальнік PandaDoc замарозіў праект па дапамозе сілавікам, які звольніліся з органаў

Заснавальнік кампаніі PandaDoc Мікіта Мікада замарозіў ініцыятыву кампаніі Protect Belarus па дапамозе супрацоўнікам сілавых ведамстваў, якія страцілі працу, бо «адмовіліся выконваць злачынныя загады». Пра гэта ён распавёў у інтэрвію BBC. Ён настойвае, што гэта было яго асабістым рашэньнем, прадыктаваным клопатам пра бясьпеку калегаў.

«Калі мэтай было спыніць дапамогу звольненым сілавікам, якую аказваў асабіста я, то так, – адказвае Мікіта на пытаньне, ці ня значыць гэта, што ўлада дасягнула сваіх мэтаў. – Я не хачу, каб яшчэ кагосьці не датычнага да маёй ініцыятывы пасадзілі ў турму». Падрабязнасьці тут.

22:55 15.9.2020

Бел-чырвона-белы Менск. Фота

XS
SM
MD
LG