Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі лічыць малаверагодным, што цяперашнія пратэсты ў Беларусі прывядуць да павелічэньня ўплыву Расеі на краіну.
«Расея заўсёды мела моцны ўплыў на Беларусь. Сёньня беларускі народ змагаецца за справядлівасьць, свабодныя і сумленныя выбары. Гэтая барацьба ня спыніцца, але я ня думаю, што яна сумяшчальная з узмацненьнем уплыву Расеі на Беларусь», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію найбуйнейшаму ў Ізраілі выданьню The Jerusalem Post.
«Беларускі народ хоча сапраўднай, а не расейскай „дэмакратыі“. У любым выпадку мы не падтрымліваем умяшаньне любой дзяржавы ва ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі, і мы лічым, што беларускі народ павінен сам вырашыць, як рухацца ў будучыню і што ён хоча», — дадаў Уладзімір Зяленскі, адказваючы на пытаньне, ці не выклікае ў яго занепакоенасьць, што сытуацыя ў Беларусі прывядзе да дамінаваньня Расеі ва ўсёй Усходняй Эўропе.