Марыі Зайцавай 19 гадоў. Яна ўдзельніца акцыі пратэсту, прыехала ў Менск з Гомля. І ўжо месяц Марыя ляжыць у шпіталі: 9 жніўня выбухам шумавой гранаты ёй парвала барабанную перапонку. На целе некалькі ранаў ад гумовых куляў. Ці адновіцца яе слых, невядома.
Інтэрвію з Марыяй Зайцавай запісала Вольга Бяшлей для тэлеканалу «Настоящее время».
— За гэты месяц шмат чаго адбылося, папраўдзе. Раны мае практычна зацягнуліся, але толькі некаторыя. Напрыклад, мая скронь — магчыма, вы бачылі фатаграфію ў інтэрнэце — на яе месцы была проста дзірка. Яе даволі добра зашылі, яна практычна цалкам загаілася. Але раны ад гумовых куль на сьцягне ўсё яшчэ не загаіліся.
Я перанесла дзьве апэрацыі для выдаленьня амярцьвелых тканак, таму што гумовыя кулі выклікаюць нэкроз. Гэта ня толькі ў мяне так, шмат у каго з пацярпелых на мітынгах такая праблема была. Магчыма, іх зашыюць і яны ўрэшце загояцца.
Мяне двойчы аглядаў оталярынголяг у іншай клініцы. Наколькі я зразумела, у мяне парваная сама перапонка, плюс зрушыліся косьці ўнутранага вуха і нешта яшчэ з самім слыхавым нэрвам. Ён крыху пашкоджаны, праўда, ня ведаю нават, ці можна гэта будзе аднавіць самастойна. Месяц мінуў — нейкай асаблівай розьніцы я не заўважаю. Таму ўсё ж такі, напэўна, патрэбна будзе апэрацыя.
— Калі б вы ведалі, чым усё гэта можа абярнуцца, ці паехалі б 9 жніўня з Гомля ў Менск?
— Думаю, я паступіла б дакладна гэтаксама, калі б вярнулася ў часе на месяц назад. Абсалютна не шкадую аб тым, што адбылося. Думаю, гэта было нават неабходна. Я не шкадую, што прыехала ў Менск на пратэсты, прынамсі, я паспрабавала зрабіць свой унёсак у тое, што адбываецца. І я вельмі спадзяюся, што ўсе ахвяры — і мая, і іншых людзей — усё ж былі недарэмныя.
Мне вельмі дапамагае падтрымліваць баявы дух тое, што адбываецца на вуліцах. Я бачу, што людзі не здаюцца, што яны падтрымліваюць адзін аднаго. Гэта выдатна, гэта дапамагае трымацца.