Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрфоманс у двары на вуліцы Чарвякова, вядомым як «Плошча Перамен». 10 верасьня
Пэрфоманс у двары на вуліцы Чарвякова, вядомым як «Плошча Перамен». 10 верасьня

33-і дзень пратэстаў. Учынак шахтара ў забоі. Нечаканая заява праўладных партый. Суды над ратавальнікамі

абноўлена

Што адбываецца ў Беларусі на 33-і дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

20:31 10.9.2020

Адкрыты відэазварот навучэнцаў Ліцэю БДУ супраць гвалту

Навучэнцы ліцэя БДУ апублікавалі адкрыты відэазварот, у якім падтрымалі пазыцыю адміністрацыі і выкладчыкаў ліцэю. Тыя раней выступілі з заявай, у якой «рашуча асудзілі эскаляцыю гвалту на вуліцах Беларусі, якая назіраецца ў апошнія тыдні».

20:31 10.9.2020

Міністэрства замежных спраў Японіі выказала «сур'ёзную заклапочанасьць» сытуацыяй у Беларусі.

Як адзначаецца ў заяве, многіх удзельнікаў мірных дэманстрацый і палітычных актывістаў, якія хочуць дыялёгу з уладамі, працягваюць затрымліваць. Японія раней выступала з заклікам да ўладаў Беларусі спыніць затрыманьні і пачаць дыялёг з павагай да вяршэнства закону і дэмакратыі, але сытуацыя не палепшылася, гаворыцца ў заяве.

20:36 10.9.2020

Экс-кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны выклікалі на допыт пасьля заявы пра спэцапэрацыю з затрыманьнем «вагнэраўцаў» у Беларусі

Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны выклікала на допыт Андрэя Богдана — экс-кіраўніка офісу прэзыдэнта краіны Ўладзіміра Зяленскага. Напярэдадні Богдан у інтэрвію журналісту Дзьмітрыю Гардону сказаў, што ўкраінскія спэцслужбы рыхтавалі спэцапэрацыю, каб выманіць так званых «вагнэраўцаў» з Расеі празь Беларусь і захапіць іх.

Паводле Богдана, гэтым на працягу году займалася Галоўнае ўпраўленьне вайсковай выведкі: «вагнэраўцаў» плянавалі пасадзіць у самалёт у Менску і павезьці нібыта ў Стамбул, але насамрэч лайнэр павінен быў прызямліцца ва Ўкраіне. «Я ня веру — я ведаю, што было менавіта так», — сказаў ён. Падрабязнасьці тут.

20:37 10.9.2020

Лукашэнка: Калі ты нагадзіў, нешта паламаў, калі ласка, аднаві за ўласны кошт

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўдзельнікі пагромаў у Менску павінны кампэнсаваць нанесеную шкоду, піша БелТА.

«Ліквідацыя наступстваў беспарадкаў на сталічных вуліцах каштуе значных сродкаў, і неабходна, каб тыя, хто ўчыніў шкоду, кампэнсавалі адпаведныя выдаткі. (...) Пасьля ўсіх гэтых пагромаў на вуліцах Менску, якія нам абыходзяцца ў добрыя грошы, вы ведаеце, што застаецца. І цішыня. Ніхто да гэтага часу аб гэтым не падумаў і ніхто не заплаціў. А плаціць трэба. Каб людзі разумелі: калі ты нагадзіў, нешта паламаў, калі ласка, аднаві за ўласны кошт», — сказаў Лукашэнка.

20:40 10.9.2020

Менск: дваровыя вечарыны становяцца традыцыяй

Усё часьцей у розных дварах Менску зьбіраюцца жыхары, якія знаёмяцца між сабой, ладзяць танцы, канцэрты і розныя акцыі.

21:01 10.9.2020

21:10 10.9.2020

Вечаровыя акцыі ў Менску

23:04 10.9.2020

Латушка: Калі Ціханоўская абвесьціць сябе прэзыдэнтам, мы павінны яе падтрымаць

На пытаньні Радыё Свабода адказаў сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, былы міністар культуры, пасол і дырэктар Купалаўскага тэатру Павал Латушка. Сёньня ён правёў у Празе перамовы зь міністрам замежных спраў Чэхіі Томашам Пэтршычкам.

Асноўныя тэзы гутаркі:

  • Мы плянуем зьмяніць рэглямэнт, які дазволіць удзельнічаць у Каардынацыйнай радзе і тым, хто знаходзіцца за мяжой.
  • Важна, каб як мага шырэйшае кола краінаў падтрымала падыход, што пасьля 5 лістапада альбо з моманту новай інаўгурацыі на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Лукашэнка больш ня мае права выконваць функцыі кіраўніка дзяржавы.
  • Шмат дзяржаўных службоўцаў, у тым ліку на ўзроўні кіраўнікоў дэпартамэнтаў, намесьнікаў міністраў пісалі мне словы падтрымкі і тэлефанавалі.
  • 80–85% дзяржаўнага апарату ня хоча далей працаваць у гэтым стылі ў гэтай сыстэме пры гэтым кіраўніцтве.
  • У той жа час існуе вялікая рызыка для тых, хто гучна сыходзіць зь дзяржаўнай пасады.
  • У незалежнай Беларусі няма досьведу страйкавага руху, паводле закону немагчыма абвяшчаць страйк з палітычных прычын. Але пагаршэньне эканамічнай сытуацыі стане новым імпульсам, які прымусіць людзей страйкаваць і выйсьці на вуліцы.
  • Гэта можа быць незаўважна, але ўлада вымушаная рабіць малыя крокі ў бок грамадзтва пад ціскам мірных вулічных пратэстаў.
  • Сёньня няма сэнсу разважаць пра ўдзел у новых прэзыдэнцкіх выбарах, бо спачатку трэба дабіцца таго, каб такія выбары былі абвешчаныя.
  • Я ня маю плянаў прасіць палітычнага прытулку ні ў якай краіне сьвету. Я сустракаюся ў эўрапейскіх сталіцах зь міністрамі замежных спраў, прэм’ер-міністрамі, іх прадстаўнікамі і дэпутатамі, каб была ясная пазыцыя Эўразьвязу, якая ў тым ліку створыць мне магчымасьць вярнуцца ў Беларусь. Калі я зьяўлюся на мяжы сёньня, я буду арыштаваны.
  • У нас трохі ёсьць фрустрацыя ад пазыцыі Эўрапейскага Зьвязу. Мы спадзяёмся, што будуць канкрэтныя дзеяньні. Ёсьць міжнародныя прававыя мэханізмы, каб даць зразумець тым, хто робіць злачынствы на тэрыторыі Беларусі, што яны панясуць адказнасьць.
  • Калі Сьвятлана Ціханоўская вырашыць абвясьціць сябе прэзыдэнтам Беларусі, мы павінны яе падтрымаць. Калі не — мы павінны шукаць іншых варыянтаў.
  • Без падтрымкі Расеі Лукашэнка на сёньня ня быў бы прэзыдэнтам. Шмат гадоў Расея кіруе ўнутранымі працэсамі ў нашай краіне. У Маскве разумеюць, што час Лукашэнкі скончыўся, але яны пакуль не знайшлі варыянту, хто будзе замест яго.
  • Трэба спачатку новыя выбары, а потым зьмены ў Канстытуцыю. Бо інакш будзе зацягваньне часу, і новая Канстытуцыя будзе зноў напісаная пад інтарэс Лукашэнкі.
  • Расея павінна разумець, што калі Лукашэнка цяпер падпіша нейкія інтэграцыйныя дамовы, дык заўтра гэта ня будзе прызнана.
23:05 10.9.2020

Алексіевіч заклікала ААН накіраваць у Беларусь маніторынгавую місію

Нобэлеўская ляўрэатка па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч зьвярнулася да ААН з просьбай паслаць у Беларусь маніторынгавую місію. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле на старонках францускай газэты Le Monde, напісаным ёю ў суаўтарстве з кіраўніком Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэем Бастунцом і генсакратаром міжнароднай арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» Крыстофам Дэлюарам.

«Мы заклікаем Генэральную Асамблею ААН накіраваць маніторынгавую місію, каб засьведчыць рэпрэсіі ў дачыненьні да журналістаў», — адзначаецца ў матэрыяле. Яго аўтары таксама заклікалі Арганізацыю па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе «ўключыць свабоду друку ў сьпіс прыярытэтных тэм у рамках прапановы аб пасярэдніцтве ва ўрэгуляваньні крызісу».

23:06 10.9.2020

У мітынгу за Лукашэнку ў Менску ўдзельнічаў пракрамлёўскі актывіст з Расеі, які напаў на Навальнага

Актывіст расейскага пракрамлёўскага руху SERB Аляксей Кулакоў быў заўважаны ў Менску на акцыі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Увагу на гэта зьвярнуў расейскі журналіст Дзьмітрый Навоша. У 2017 годзе Кулакоў быў апазнаны як удзельнік нападу на расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага. Тады Навальнага аблілі зялёнкай, у яго было пашкоджана вока, яму давялося лячыцца за мяжой.

Кулакоў — не адзіны расейскі грамадзянін, заўважаны на акцыях у падтрымку Лукашэнкі. Выданьне Reform.by убачыла ў сюжэце пра акцыю 8 верасьня яшчэ аднаго грамадзяніна Расеі — Антона Тарасава. Ён раней вылучаўся ў Дзярждуму ад КПРФ. Пры гэтым уезд у Беларусь для грамадзян Расеі цяпер фактычна забаронены — магчымы толькі для вучобы, лячэньня або паездкі да блізкіх сваякоў.

23:06 10.9.2020

23:12 10.9.2020

Вечаровыя акцыі ў Менску: Сухарава, Уручча, Раманаўская Слабада

23:16 10.9.2020

Прэм’ер-міністар Чэхіі наклаў вэта на прапанову запрасіць Ціханоўскую на саміт Цэнтральнай Эўропы

«Я не хачу рабіць пасьпешлівага кроку, які ня будзе адпавядаць агульнаэўрапейскай пазыцыі, дасьць зброю беларускай прапагандзе і ў выніку будзе контрапрадуктыўным», — цытуе Бабіша агенцтва ЧТК.

Польскія чыноўнікі паведамілі агенцтву Reuters, што пятнічны саміт Вышаградзкай групы, тым ня менш, будзе ў асноўным сканцэнтраваны на Беларусі, каб скаардынаваць агульную пазыцыю, якая дапамагла б зрабіць больш для краіны.

23:18 10.9.2020

Дызайнэрка, якая выпусьціла дабрачынную калекцыю ў падтрымку працоўных з заводаў, зьехала зь Беларусі

Беларуская дызайнэрка Вольга Кардаш зьехала зь Беларусі ў Польшчу. Яна сьцьвярджае, што атрымала з розных крыніц інфармацыю, зь якой зрабіла выснову, што ў яе два выйсьці: або застацца ў Беларусі і трапіць пад хвалю рэпрэсій, або зьехаць з краіны. Рашэньне прыняла на працягу сутак: зьвязалася са штабам экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Валера Цапкалы, і там ёй параілі не чакаць і зьехаць.

«Я б не зьяжджала, калі б не было дакладнага разуменьня, што я магу апынуцца пад рэпрэсіямі», — кажа Вольга Кардаш.

Нядаўна Вольга Кардаш выпусьціла калекцыю футболак зь лягатыпамі беларускіх заводаў. Чакалася, што большая частка грошай ад продажу будзе накіравана ў фонд і пойдзе на падтрымку завадчан і людзей, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій.

Празь дзень пасьля абвяшчэньня акцыі сайт дызайнэркі быў атакаваны невядомымі. Сьледам на адрас дызайнэркі прыйшлі афіцыйныя лісты ад беларускіх прадпрыемстваў, чые лягатыпы былі выкарыстаныя ў праекце, з патрабаваньнем спыніць тыражаваньне лягатыпаў — «не выкарыстоўваць іх інтэлектуальную ўласнасьць у камэрцыйных мэтах». Акцыю вымушана спынілі, інфармацыю пра яе выдалілі з сайта і з сацыяльных сетак Вольгі.

23:18 10.9.2020

Дызайнэрка, якая выпусьціла дабрачынную калекцыю ў падтрымку працоўных з заводаў, зьехала зь Беларусі

«Я б не зьяжджала, калі б не было дакладнага разуменьня, што я магу апынуцца пад рэпрэсіямі», — кажа Вольга Кардаш.

XS
SM
MD
LG