Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Курэйчык прадставіў ва Ўкраіне п’есу аб падзеях жніўня 2020 году ў Беларусі


Андрэй Курэйчык
Андрэй Курэйчык

Гэта апошняя частка трылёгіі беларускага драматурга «Абражаныя».

Беларускі драматург і рэжысэр Андрэй Курэйчык, які ўваходзіць у склад Каардынацыйнай рады, прэзэнтаваў ва Ўкраіне апошнюю частку сваёй трылёгіі «Абражаныя. Беларусь».

Першыя дзьве часткі — «Абражаныя. Расея» і «Абражаныя. Украіна» — выйшлі ў 2018 і ў 2019 гадах у супрацы з Херсонскім тэатрам імя Міколы Куліша.

Фрагмэнт новай часткі трылёгіі быў прадэманстраваны ў Херсоне ў межах штогадовага міжнароднага фэсту сучаснага мастацтва «ГогальFest».

П’еса «Абражаныя. Беларусь» заснаваная на апошніх падзеях у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня. У пастаноўцы выкарыстаныя дакумэнтальныя матэрыялы, а ўсе падзеі расказваюцца праз гісторыі розных герояў, сярод якіх і старшыня ўчастковай выбарчай камісіі, што праводзіла рэпэтыцыю падліку галасоў на карысьць усіх кандыдатаў; і дзяўчына, вымушаная скасаваць вясельле са сваім абраньнікам, бо той служыў у АМАП, і прадстаўнікі абʼяднанага выбарчага штабу Сьвятланы Ціханоўскай.

Пасьля чытаньня п’есы Андрэй Курэйчык выйшаў да выканаўцаў і падзякаваў гледачам і калегам за салідарнасьць зь Беларусьсю.

У суботу, 12 верасьня, у Херсоне, у рамках яшчэ аднаго фэсту — «Мэльпамэна Таўрыі», у якім удзельнічаюць украінскія тэатры, пасьля чытаньня пʼесы «Абражаныя. Беларусь» адбудзецца творчая сустрэча з Андрэем Курэйчыкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG