Эканаміст: Прадаваць нафтапрадукты праз Расею, як прапануе Лукашэнка, — гэта проста нерэнтабэльна
Аляксандар Лукашэнка прыгразіў пераарыентаваць экспартныя патокі нафтапрадуктаў — зь Літвы ў Расею. І пагражае рознымі санкцыямі суседнім краінам. Але эканамісты кажуць, што ад гэтага найперш пацярпіць беларуская эканоміка. І вось чаму:
- Перанакіроўваць экспартныя патокі нафтапрадуктаў зь Літвы ў Расею — нявыгадна. Працэс зойме ня менш як 2 гады, каб нарасьціць цяперашнія аб’ёмы.
- Асноўны пакупнік нафтапрадуктаў зь Беларусі за апошнія паўгода — Украіна. З партоў пад Санкт-Пецярбургам да Ўкраіны занадта далёка, каб гэта было рэнтабэльна.
- Таваразварот з Польшчай, Літвой і Ўкраінай — гэта мільярды даляраў штогод, таму палітычныя праблемы з гэтымі краінамі зробяць вялікі ўплыў на беларускую эканоміку.
Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.
Горадзенца зьбілі за фота 5-гадовай дзяўчынкі, якая пацярпела ў аварыі з вайсковай тэхнікай. ВІДЭА
Жыхар Горадні Аляксей Путрыч працуе праграмістам. Яму 33 гады. 12 жніўня ён прыйшоў на плошчу Леніна ў Горадні з фатаграфіяй 5-гадовай дзяўчынкі, якая пацярпела ў выніку аварыі з вайсковай тэхнікай і АМАПам. Путрыча затрымалі і моцна зьбілі. Палова цела ў Аляксея была сіняга колеру. Мужчына баіцца яшчэ раз ісьці ў РАУС.
Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады Краўцоў і Раднянкоў ужо ў Кіеве, дадуць прэс-канфэрэнцыю з нагоды ад'езду ва Ўкраіну
Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў, якія вымушана зьехалі ва Ўкраіну, выйшлі на сувязь. Яны паведамілі, што цяпер ужо ў Кіеве, знаходзяцца ў бясьпецы, адчуваюць сябе добра, паведамілі ў штабе зьняволенага прэтэндэнта на прэзыдэнцтва Віктара Бабарыкі. Яны абяцаюць даць падрабязныя камэнтары на адмысловай прэс-канфэрэнцыі. Падрабязнасьці тут.
Таварыствам уласьнікаў у менскім «двары пераменаў» санітарныя службы выпісалі 6750 рублёў штрафаў
Таварыствам уласьнікаў двух дамоў выпісалі штрафы на 6750 рублёў.
З пастановы галоўнага санітарнага лекара Цэнтральнага раёну Менску Аляксандра Сярэдзіча вынікае, што 7 верасьня падчас праверкі Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі ў доме «Доме ля возера» (Смаргоўскі тракт, 3) санітарны ўрач выявіў парушэньне «пэрыядычнасьці вызначэньня працы вэнтыляцыйных установак» — яго праводзяць радзей, чым раз у 3 гады. За парушэньне таварыству ўласьнікаў выпісалі штраф па арт. 16.8 КаАП — 6750 рублёў. Падобная гісторыя — з домам № 62 па Чарвякова. Там знайшлі такое ж парушэньне і выпісалі такі ж штраф.
Старшыня абодвух таварыстваў — Вольга Ціхановіч кажа, што ў апошні час праверкі ў таварыствах пачасьціліся: правяраюць МНС, адміністрацыя раёну, санітарная служба. «Вядома, я гэта зьвязваю з пазыцыяй двара. Раней праверкі прыходзілі да нас вельмі рэдка. У нас усё ў парадку, таму што мы за свае грошы самі абслугоўваем дамы», — кажа Вольга. Падрабязнасьці тут.
На 10 сутак арыштавалі Віталя Красьніцкага са страйкаму «Белшыны»
Мужчыну асудзілі за ўдзел у мітынгу 25 жніўня, піша Белсат. 6 верасьня Віталь толькі выйшаў з ІЧУ пасьля 7-суткавага арышту.
Эколяга Ірыну Сухій асудзілі на 5 сутак адміністрацыйнага арышту
8 верасьня сябра рады грамадзкага аб'яднаньня «Экадом» эколяга Ірыну Сухій асудзілі на 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Пра гэта паведаміла ў Фэйсбуку яе дачка Соф'я Садоўская.
Эколяга Ірыну Сухій затрымалі 6 верасьня: яе забралі з кватэры яе 93-гадовай маці трое міліцыянтаў, двое былі ў балаклавах. 7 верасьня справу эколяга Ірыны Сухій, якая правяла ноч у ізалятары, разгледзелі ў судзе, матэрыялы вярнулі ў РУУС для ліквідацыі недахопаў. Сёньня адбыўся чарговы суд над Ірынай Сухій.
Ірыну Сухій абвінавацілі ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» 3 верасьня. Як казала Свабодзе раней дачка Ірыны Сухій, яна ў гэты вечар зьехала на хутар, шмат людзей могуць гэта пацьвердзіць.
«Марш у падтрымку рэпрэсаваных» у Менску. УЖЫВУЮ
8 верасьня ў Менску людзі сабраліся на стыхійны «Марш у падтрымку рэпрэсаваных» у Беларусі. Каля 18-й гадзіны людзі пачалі зьбірацца на пляцоўцы каля Камароўскага рынку ў Менску.
18.20 На акцыю ля Камароўкі сабралася некалькі сотняў чалавек.
Некаторыя прыйшлі з плякатамі «Марыя — ты наш герой», адрасаванымі затрыманай кіраўніцы штабу Віктара Бабарыкі Марыі Калесьнікавай. Людзі хорам скандуюць: «Выпускай!».
18.15 Ля Камароўскага рынку затрымалі некалькі чалавек. Астатнія працягваюць стаяць, скандуюць «Марыя, Марыя» ў падтрымку зьніклай Марыі Калесьнікавай.
17.55 Як толькі людзі пачалі зьбірацца, пачаліся і першыя затрыманьні: да Камароўскага рынку пад'ехалі сілавікі і пачалі затрымліваць прысутных, якія стаялі групай ля рынку.
Менск: жанчыны рушылі маршам у бок вуліцы Якуба Коласа
Калёна жанчын з Камароўкі рушыла ў бок вуліцы Якуба Коласа. Чуецца «Адзін за ўсіх, усе за аднаго».
Менск: побач з удзельнікамі маршу праехала калёна аўтазакаў
Па вуліцы, па якой ідуць пратэстоўцы, праехала калёна аўтазакаў. Пратэстоўцы сутрэлі яе гулам.
«Марш у падтрымку рэпрэсаваных» у Менску завяршыўся затрыманьнямі
19.15 Калёна дайшла да праспэкту Машэрава, у ёй больш за тысячу чалавек, у асноўным жанчыны. На праспэкце Машэрава пачаліся новыя затрыманьні ўдзельнікаў акцыі. Дэманстранты спрабавалі заблякаваць аўтазак з затрыманымі, але няўдала — той зьехаў, паведамляе БелаПАН.
19.25 На праспэкце Машэрава пачалася новая хваля затрыманьняў удзельнікаў маршу. Каля былога тралейбуснага дэпо да калёны пратэстоўцаў пад’ехалі як мінімум 2 аўтазакі і каля 10 мікрааўтобусаў. Жанчыны паспрабавалі стаць у счэпку, закрываючы хлопцаў, але сілавікі пачалі хапаць усіх спрэс і цягнуць затрыманых у аўтазакі — і мужчын, і жанчын, з прымяненьнем грубай сілы.
Частку дзяўчат выпусьцілі праз ачапленьне сілавікоў — тых, хто спрабаваў прыкрыць хлопцаў. Яны сышлі ў бок вуліцы Куйбышава, некаторыя плакалі, у некаторых гістэрыка.
19.45 Праз 15–20 хвілін 2 аўтазакі з затрыманымі зьехалі, паведамляе БелаПАН. Карэспандэнт БелаПАН чуў, як адзін амапавец спытаў у іншага, колькі чалавек у адным з аўтазакаў, той адказаў: 33. Па абодва бакі праспэкту Машэрава засталіся невялікія групы пратэстоўцаў, каля двух дзясяткаў чалавек, астатнія ўдзельнікі акцыі разышліся.
20.00 Марш завяршыўся. Дзясяткі ўдзельнікаў былі затрыманыя, нягледзячы на мірны характар акцыі, астатнія разышліся, ратуючыся ад затрыманьняў.
«Калесьнікаву вялі гвалтам». Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады, якія вымушана зьехалі ва Ўкраіну, далі прэс-канфэрэнцыю. Відэа
Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў, якія вымушана зьехалі ва Ўкраіну, даюць прэсавую канфэрэнцыю. Украінская служба Свабоды вядзе жывую траньсляцыю.
Антон Раднянкоў расказаў, што пасьля выкраданьня Калесьнікавай ён разам з Іванам Краўцовым паехаў дадому да Калесьнікавай, бо яны ўбачылі, што там быў яе тэлефон. Раднянкова спачатку вазілі па розных упраўленьнях ГУБАЗіК, пасьля прывезьлі ў ДФР. Паводле Краўцова, у ДФР яму пагражалі крымінальным артыкулам аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў, які прадугледжвае 5–12 гадоў зьняволеньня.
Паводле Раднянкова, Калесьнікаву вялі гвалтам, было чуваць, што яна супраціўляецца. Яе запхнулі на задняе сядзеньне машыны Краўцова, невядомыя заблякавалі дзьверы машыны, каб тыя не адчыняліся знутры.
Краўцоў сказаў, што ня ведае, дзе дапытвалі Калесьнікаву. Імаверна, у КДБ, сказаў ён. Паводле яго, сілавікі казалі, каб ён націснуў на пэдаль газу, калі Калесьнікава і Раднянкоў сядуць у машыну пасьля праходжаньня беларускай мяжы. «Перш за ўсё іх цікавіла магчымасьць вывазу Марыі Калесьнікавай за мяжу, яны гэта тлумачылі неабходнасьцю дээскаляцыі сытуацыі ў краіне. І яны бачылі, што мы мусім ўтраіх, на маім аўто выехаць за мяжу». Далей чытайце па спасылцы.
«Галоўнае — выцягнуць яго адтуль». Інвалід шукае дапамогі арыштаванаму пасьля пратэстаў брату-блізьнюку
Студэнта БДУІР Мікалая Сасева ўжо больш як тры тыдні трымаюць у розных вязьніцах Менску: спачатку ў СІЗА КДБ, цяпер у менскім ізалятары на вуліцы Валадарскага. Пра гэта Свабодзе паведаміў ягоны брат Рыгор Сасеў, якому праблемы са здароўем перашкаджаюць дапамагаць брату як мае быць.
«Мы з братам двайняты, розныя зьнешне, але думаем падобна. Я за яго вельмі перажываю», — кажа Рыгор Сасеў. Паводле Рыгора, ягонага брата трымаюць як падазронага ў арганізацыі масавых беспарадкаў, хоць абвінавачаньня яшчэ ня выставілі.
«Брат не вярнуўся дамоў 13 жніўня, ён быў у сьпісах зьніклых, потым знайшоўся ў „амэрыканцы“. А недзе з 17 жніўня ён у СІЗА на Валадарскага. Адтуль напісаў, што яго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, хоць ён у гэтым не вінаваты», — кажа Рыгор Сасеў. Хлопец не адмаўляе, што ягоны брат хадзіў на дэманстрацыі пратэсту, але ня бачыць у гэтым злачынства. Цалкам чытайце па спасылцы.
Менск прадставіў АБСЭ і Маскве свой плян выхаду з крызісу
Менск настойвае на тым, што выйсьці зь цяперашняга палітычнага крызісу можна, толькі прыняўшы новы варыянт Канстытуцыі, аслабіўшы прэзыдэнцкую ўладу. Прапануецца зрабіць гэта да 2022 году і пасьля правесьці ўсеагульныя перавыбары, паведамляе РБК.
28 жніўня ў Вене, на спэцыяльным пасяджэньні Сталай рады АБСЭ, прысьвечаным сытуацыі ў Беларусі, прадстаўнік Менску Андрэй Лазавік заявіў, што канстытуцыйная рэформа ў краіне будзе праведзеная да 2022 году. Пра гэта РБК расказалі два суразмоўцы, якія бачылі тэкст заявы. Гэта, адзначыў Лазавік, — адзіны спосаб правесьці новыя выбары да заканчэньня пяцігадовага тэрміну дзейнага прэзыдэнта.
Ён таксама растлумачыў, што ўлады краіны не зьбіраюцца ўступаць у перамовы з апазыцыяй, таму што гэта мае на ўвазе дыялёг аб перадачы ўлады. З гэтай самай прычыны Менск адхіліў усе прапановы аб пасярэдніцтве — улада ў краіне стабільная, запэўніў прадстаўнік Беларусі. Цалкам чытайце па спасылцы.
«Паказаньні даваць адмовіўся». Як «адбывае суткі» кіраўнік стачкаму МТЗ Дылеўскі
Юры Стрыжак тыдзень правёў у Жодзінскай турме ў адной камэры зь Сяргеем Дылеўскім — сябрам прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, рабочым МТЗ, які адным зь першых далучыўся да агульнанацыянальнага страйку супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.
Вядома, што СК завёў крымінальную справу аб спробе захопу ўлады Каардынацыйнай радай і Дылеўскага дапытвалі ў межах гэтай справы.
«Ведаю ад Сяргея, што яму прапанавалі адказаць на 20 пытаньняў, якія ў асноўным тычыліся Каардынацыйнай рады. Хто і як у яе ўваходзіць, каму належаць адрасы для кантактаў Рады зь людзьмі, якім чынам плянавалася праводзіць перадачу ўлады ды іншыя. Але ён адмовіўся даваць паказаньні, допыту не атрымалася.
У камэры Дылеўскі казаў, што пра Раду няма чаго расказваць, бо фактычна і не пачыналі дзейнічаць. Але, са словаў Стрыжака, Сяргей лічыць, што ў думцы пераважнай большасьці беларусаў уладу Лукашэнка ўжо страціў і перадаць уладу народу яму ўсё адно давядзецца, з дапамогай Каардынацыйнай рады ці неяк інакш», — кажа пра Сяргея Дылеўскага Юры Стрыжак. Што яшчэ расказаў Свабодзе Юры Стрыжак, чытайце па спасылцы.
У Берасьці затрымалі рэдактара Natatnik.by, які вёў стрым з жаночай акцыі салідарнасьці
Увечары 8 жніўня супрацоўнікі міліцыі затрымалі рэдактара берасьцейскага сайта Natatnik.by Максіма Хлябца. Паводле мясцовага выданьня Вinkl.by, журналіста затрымалі каля ЦУМа ў Берасьці, дзе праходзіла жаночая акцыя салідарнасьці. Максім вёў онлайн зь месца падзеі.
Частка ўдзельніц менскага маршу прыйшла на плошчу Незалежнасьці
Удзельніцы маршу ў падтрымку Марыі Калесьнікавай пасьля разгону і затрыманьняў на праспэкце Машэрава прыйшлі на плошчу Незалежнасьці і танцуюць пад песьню «Муры». І Ніна Багінская тут, паведамляе «Еўрарадыё».
Праваабаронцы: падчас сёньняшняга маршу ў Менску затрымалі сама меней 56 чалавек
Праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозьвішчы ўжо 56 чалавек, якіх затрымалі падчас сёньняшняга маршу салідарнасьці з рэпрэсаванымі, каля Камароўскага рынку і на праспэкце Машэрава. Сьпіс затрыманых тут.
Затрыманьні ў Менску на маршы ў падтрымку Калесьнікавай. ВІДЭА
Amnesty International запатрабавала ад беларускіх уладаў раскрыць месца знаходжаньня Калесьнікавай
Беларускія ўлады павінны неадкладна паведаміць пра лёс і месца знаходжаньня лідаркі апазыцыі Марыі Калесьнікавай і неадкладна вызваліць яе, заявіла 8 верасьня міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.
«Беларускія ўлады зьвярнуліся да падобных на выкраданьні арыштаў, каб расправіцца са сваімі апанэнтамі. Паводле сьведак, Марыю Калесьнікаву проста зацягнулі ў фургон людзі ў масках. Такім чынам яна стала апошняй у доўгай чарадзе зьніклых бязь вестак крытыкаў ураду за апошнія 20 гадоў», — заявіла Мары Стразэрс, дырэктарка Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі. Яна заклікала да неадкладнага вызваленьня Калесьнікавай і спыненьня кампаніі запалохваньня і палітычнага перасьледу праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі.