Латвія адмовіцца праводзіць Чэмпіянат сьвету па хакеі-2021, калі ён будзе праходзіць і ў Беларусі. Такую выснову можна зрабіць са зьместу ліста, адпраўленага ўрадам Латвіі ў Міжнародную фэдэрацыю хакею.
«Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, якія прайшлі 9 жніўня, не адпавядаюць міжнародным абавязаньням, прынятым у сьвеце дэмакратычным прынцыпам і нормам права, яны не былі свабоднымі і справядлівымі. Рэпрэсіўныя дзеяньні беларускіх уладаў і прымяненьне гвалту ў дачыненьні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ парушаюць міжнародна прызнаныя правы чалавека і дэмакратычныя прынцыпы.
На думку ўраду Латвійскай Рэспублікі, такія дзеяньні несумяшчальныя з каштоўнасьцямі Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі і, такім чынам, несумяшчальныя са статусам краіны — арганізатара ЧС-2021».
У сувязі з гэтым урад Латвійскай Рэспублікі заклікае «перадаць статус галоўнага арганізатара чэмпіянату сьвету па хакеі з шайбай 2021 году нейкай іншай краіне», паведамляе tribuna.com.
Раней прэзыдэнт Фінскай хакейнай асацыяцыі Хары Нумэля заявіў, што ягоная краіна разгледзіць магчымасьць правесьці чэмпіянат сьвету ў сябе, калі палітычны крызіс у Беларусі трывацьме.
Чэмпіянат сьвету заплянаваны ў Рызе і Менску з 21 траўня па 6 чэрвеня 2021 году.