Цела 25-гадовага Аляксея Дзямідава знайшлі на ўскрайку мікрараёну Серабранка раніцай 5 верасьня. Абставіны яго сьмерці незразумелыя нават блізкім сваякам, піша «Наша Ніва».
«Аляксей жыў з бацькамі ў Бараўлянах, працаваў на аўтамыйцы ва Ўруччы. 4 верасьня выйшаў на працу. Позна ўвечары маці званіла яму, усё было нармальна, але ўжо праз гадзіну то ніхто ня браў слухаўку, то выклік скідалі. А раніцай 5 верасьня нам паведамілі, што знайшлі цела Аляксея», — расказаў «Нашай Ніве» Аляксандар, стрыечны брат хлопца.
Брат кажа, што ў моргу бацькам не паказвалі цела — толькі твар. Пасьля яны разглядалі цела сына ўжо дома.
«Цялесныя пашкоджаньні былі. На галаве гематома, на барадзе нібыта кавалкі скуры выдраныя. Пальцы зьбітыя, косткі зьбітыя на руках. Нага неяк перакручаная — нібы зламаная. Брудная вопратка... Выглядае, што была бойка ці нешта такое, — мяркуе Аляксандр. — Афіцыйнае заключэньне аб сьмерці будзе празь месяц. А ў папярэднім, кажуць, напісалі, што прычына сьмерці — атручэньне нявыяўленым рэчывам».
Нябожчык быў удзельнікам фанацкага руху, заўзеў за «Дынама». Аляксей быў спартыўным хлопцам, баксёрам. У мітынгах ня ўдзельнічаў. Сям’я адзначае, што сьлядоў ад кайданкаў на целе няма, ад удараў дубінкай — таксама.
Сьледчы камітэт пракамэнтаваў гэты выпадак: «Па факце сьмерці праводзіцца праверка, дакладныя абставіны высьвятляюцца. Для вызначэньня дакладнай прычыны сьмерці прызначаныя судова-мэдычныя экспэртызы».
Па словах сьледчых, цела было знойдзена бяз бачных цялесных пашкоджаньняў. «Папярэдне сьмерць ня носіць крымінальнага характару», — паведамляе СК.
Пахавалі Аляксея Дзямідава 7 верасьня.
Гэта ўжо другая загадкавая сьмерць маладога хлопца, зьвязанага з фанацкім рухам. 22 жніўня на вуліцы Парніковай у Менску знайшлі павешаным Мікіту Крыўцова, які 10 дзён лічыўся зьніклым. Крыўцоў быў фанатам ФК «Маладзечна». У вэрсію суіцыду сваякі не паверылі.
У жніўні стала вядома пра сьмерць у Менску 19-гадовага Арцёма Парукава. Па вэрсіі міліцыі, кіроўца VW заўважыў Парукава, які ішоў па праезнай частцы Партызанскага праспэкту, і папярэдзіў яго. Але хлопец не адрэагаваў і неўзабаве трапіў пад «Рэно».
Улады таксама прызналі два выпадкі сьмерці пры здушэньні пратэстаў: 34-гадовага Аляксандра Тарайкоўскага ў Менску і 25-гадовага Аляксандра Віхора ў Гомлі.