Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуса, які скончыў МДУ і Сарбону, вінавацяць у арганізацыі беспарадкаў


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні падчас акцыі пратэсту ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні падчас акцыі пратэсту ў Менску

Менчука Юрыя Стрыжака затрымалі 20 жніўня як удзельніка несанкцыянаванай вулічнай дэманстрацыі, судзьдзя Маскоўскага раённага суду Тацяна Матыль прысудзіла 15 дзён адміністрацыйнага арышту, але на волю ён так і ня выйшаў.

Днямі Юрыя Стрыжака з Жодзінскага ізалятара зноў перавялі ў ізалятар на Акрэсьціна, паведаміў ягоны адвакат.

Бацька затрыманага Юры Мікалаевіч Стрыжак, калі прыйшоў з працы ўвечары 7 верасьня, пабачыў, што дзьверы кватэры ўзламаныя. Паводле яго, у доме правялі ператрус, забралі вінчэстэры кампутараў. Ніякай паперы аб правядзеньні ператрусу няма, сьведак, верагодна, таксама не выклікалі — ва ўсялякім выпадку, Юрыю Стрыжаку пра гэта нічога не вядома.

Паводле Юрыя Стрыжака, ягонага сына ўжо падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, абвінавачаньне яму могуць выставіць у любы дзень. Падставай, на думку бацькі, могуць стаць паказаньні былога крымінальніка, допыт якога міліцыянты выклалі ў інтэрнэт. На відэа мужчына з зацемненым тварам апавядае пра тое, як яму нібыта прапаноўвалі грошы за ўдзел у пратэставай акцыі.

«Прыкметы таго, хто нібыта прапаноўваў, супадаюць з прыкметамі майго сына. Валасы, рыжая барада. Але наконт грошай гэта поўная лухта: мой сын сам сядзеў бяз грошай, у той дзень у мяне на бэнзін пазычыў 10 рублёў. Дый не такі ён чалавек, каб некага вэрбаваць, тым больш натуральнага крымінальніка», — кажа Юры Стрыжак-старэйшы.

Ягонаму сыну Юрыю Стрыжаку 36 гадоў. 10 гадоў таму ён скончыў фізыка-матэматычны факультэт Маскоўкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (МГУ), у Маскве вывучыў францускую мову, паступіў у славутую Сарбону ў Францыі і атрымаў там ступень магістра канстытуцыйнага права. Паводле бацькі, ягоны сын ужо некалькі гадоў займаецца бізнэсам ва Ўкраіне, мае невялікую фірму юрыдычных інтэрнэт-паслуг. Сёлета сын прыехаў у Беларусь, бо спатрэбілася атрымаць правы кіроўцы беларускага ўзору.

«Яму былі патрэбны менавіта беларускія правы кіроўцы, таму прыехаў дамоў, жыў з намі, хадзіў на курсы. У той дзень, як яго затрымалі, меўся быць экзамэн. Але дамоў ён не вярнуўся, два дні шукалі, мы з жонкай нават заяву падавалі як на зьніклага. Сын знайшоўся на Акрэсьціна. А аўтамабіль ягоны, старэнькі „Форд“, дагэтуль адшукаць ня можам. Падалі заяву, міліцыянт абяцаў разабрацца, але пакуль нічога», — кажа Юры Стрыжак-старэйшы.

Бацька затрыманага дэманстранта мае сваю вэрсію таго, чаму менавіта ягонага сына праваахоўнікі выбралі ў якасьці «арганізатара беспарадкаў».

«Ён ня ўтойваў, што хадзіў на акцыі пратэсту. Шчыра абураўся вынікамі выбараў, лічыў, што іх сфальшавалі. Але што зь яго робяць арганізатара беспарадкаў, дык гэта, хутчэй за ўсё, таму, што ён прыехаў з Украіны. Ім гэтага дастаткова. Ёсьць загад зьверху, трэба ж адрапартаваць, што затрымалі і абясшкодзілі арганізатараў, а ня толькі шараговых удзельнікаў. Калі ў краіне няма законнасьці, дык любыя доказы праходзяць», — лічыць Юры Стрыжак-старэйшы.

Сябры Юрыя Стрыжака характарызуюць яго як вельмі прыстойнага і сумленнага чалавека, сапраўднага патрыёта Беларусі. «Тое, што пра яго прыдумалі ў міліцыі, — цалкам хлусьня. Ён вельмі прынцыповы і ідэйны», — кажа Сяргей Кастрама, які вучыўся разам са Стрыжаком у Ліцэі БДУ.

Зьвестак пра тое, ці выставілі Юрыю Стрыжаку абвінавачаньне ў арганізацыі беспарадкаў, пакуль няма. Бацька затрыманага кажа, што лісты ад яго не прыходзяць; невядома, ці атрымлівае ён ад іх паштоўкі.

«Перадачы прымаюць, а больш пра ўмовы нічога ня ведаю. Нібыта пры затрыманьні ня білі», — сказаў Свабодзе Юры Стрыжак-старэйшы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG