Дзень горада пройдзе сёлета без традыцыйных масавых гуляньняў, паведамляе Менгарвыканкам. Сьвяткаваньні меліся адбыцца 12 і 13 верасьня.
Такое рашэньне, як сьцьвярджаюць улады сталіцы, прынятае ў сувязі з эпідэмічнай сытуацыяй. Перавага аддадзена лякальным акцыям, выставам, тэматычным урокам, гаворыцца ў тэлеграм-канале Менгарвыканкаму.
Прыкметна, што ўвесну, на піку першай хвалі пандэміі, улады правялі парад 9 траўня, а таксама шэраг іншых шматлюдных мерапрыемстваў.
Таму, мяркуюць аглядальнікі Свабоды, цяперашняе рашэньне менскіх уладаў прадыктаванае нежаданьнем стварыць «законны калідор» для ўдзельнікаў пратэставых акцый.
Ужо месяц у Беларусі адбываюцца акцыі пратэсту, якія сваёй масавасьцю пабілі ўсе рэкорды ў гісторыі краіны і закранулі ня толькі сталіцу, але і абласныя, і раённыя цэнтры. Многія зь іх суправаджаюцца затрыманьнямі і зьбіваньнем удзельнікаў супрацоўнікамі праваахоўных органаў.