У Магілёве «Марш адзінства» ня стаў самай масавай акцыяй за час мясцовых пратэстаў супраць вынікаў выбараў, але яго ўдзельнікі гэтым разам былі «больш рашучымі» ў супрацьстаяньні зь міліцыянтамі. У шэсьці цэнтральнымі вуліцамі гораду ўзялі ўдзел ад 2 да 3 тысяч чалавек.
Удзельнікі традыцыйна пачалі зьбірацца на пляцоўцы перад гандлёвым цэнтрам «Атрыюм», застаўленай зь мінулых выходных гандлёвымі павільёнамі. Напярэдадні дадаўся яшчэ і вялізны забаўляльны атракцыён. Міліцыянты звыкла папярэджвалі людзей, што іх мерапрыемства не санкцыянаванае і калі яны не разыдуцца, супраць іх ужывуць фізычную сілу і спэцсродкі. У адказ пратэстоўцы пачалі вадзіць на пляцоўцы карагод. За паўгадзіны сабралася блізу тысячы чалавек.
На пляцоўцы адбылася сутычка зь міліцыянтамі. Паводле відавочцаў, справакаваў яе апэратар у цывільным. Ён падыходзіў да людзей і здымаў іх твары. У адказ пачулася «Ганьба», «Сыходзь». Мужчына пачаў махаць рукой, цьвелячы людзей, каб гукалі гучней. Грамада адрэагавала тым, што «кінулася да яго». Выратавалі мужчыну міліцыянты, але і іх саміх выцесьнілі з пляцоўкі. Зь некаторых сарвалі маскі. Апэратар ускочыў у міліцэйскі мікрааўтобус і зьехаў.
Адна з жанчын, якая ў гутарцы з журналістам назвалася Люцыяй, падышла да міліцыянта і доўга глядзела яму ў вочы. Яна расказала, што яе знаёмца затрымалі раней у Бабруйску, і калі яна пабачыла, якімі мізэрнымі выглядаюць міліцыянты ў атачэньні абураных людзей, яна ня здолела стрымаць эмоцыі і праз вочы паспрабавала «зазірнуць ім у душу».
«Пераказаць словамі тое, што адчувала ў той момант, немагчыма, але ў маіх вачах, відаць, можна было разгледзець нянавісьць, — кажа жанчына. — Я ня злы чалавек, але тое, што рабіла міліцыя пасьля выбараў, спарадзіла ў мяне толькі такое пачуцьцё. Гэта адказ на іхную злосьць і агрэсію супраць звычайных людзей, якія выйшлі на мірны пратэст. Яны ненавідзяць усё беларускае».
Суразмоўца кажа, што ўдзельнічае ў пратэстах, бо «краіне патрэбны перамены». Яна сама чакае новых выбараў, новага прэзыдэнта і пэрспэктываў для маладога пакаленьня, каб не даводзілася ехаць за мяжу ў пошуках новага жыцьця.
Сярод традыцыйных лёзунгаў пратэстоўцы найчасьцей выгуквалі «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго», «Магілёў — гэта наш горад». Гэтым разам больш было беларускамоўных лёзунгаў: «Далучайся», «Сыходзь», «Ганьба».
Калі пратэстоўцы рушылі ад «Атрыюму» цэнтральнай вуліцай Першамайскай, калёна налічвала да дзьвюх тысяч чалавек. Іх, традыцыйна сыгналячы, віталі аўтамабілісты. За шэсьцем сачылі міліцыянты. Яны ачапілі падыходы да плошчы Славы, дзе раней каля ратушы мітынгавалі апазыцыйна настроеныя грамадзяне.
Прарываць ачапленьне пратэстоўцы ня сталі, а пайшлі іншай вуліцай. Ня ўсе мінакі віталі калёну. Некаторыя пажылыя гараджане ня ўтойвалі, што шэсьцем яны незадаволеныя. Удзельнікаў называлі «дурнямі, майданутымі», казалі, што «ўсіх трэба пасадзіць». Міліцыянты тым часам не затрымлівалі ўдзельнікаў, хоць некалькі мікрааўтобусаў неадступна ехалі за калёнай.
Каля гарвыканкаму яны арганізавалі ачапленьне, але пратэстоўцы яго прарвалі. Непадалёк ад будынку гарадзкой адміністрацыі затрымалі журналіста інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН» Алеся Асіпцова. Ён адышоў ад калёны, і амапаўцы запхнулі яго ў мікрааўтобус. Журналіст прабыў нейкі час у Ленінскім аддзеле міліцыі, а потым яго вызвалілі, бо ён аказаўся ім «не цікавы».
Завяршыўся «Марш адзінства» каля Драматычнага тэатру. Пратэстоўцам другі раз не далі прайсьці на плошчу Славы міліцыянты. Яны блякавалі вуліцу Першамайскую, і прарываць ачапленьне людзі ня сталі. У бок плошчы пачалі пад’яжджаць аўтазакі. Разгарнуўшы на пляцоўцы вялікі бел-чырвона-белы сьцяг і скандуючы «Пайшоў прэч, ты і твой АМАП», грамада разышлася.
Паводле праваабаронцаў цэнтру «Вясна», у Магілёве пасьля маршу затрымалі да 10 чалавек. У аддзелах міліцыі заяўляюць, што дадуць зьвесткі пра іх толькі сваякам. Праваабаронцы кажуць, што зьнікла сувязь з затрыманым 5 жніўня і выпушчаным у той жа дзень зь міліцыі краязнаўцам, сябрам Таварыства беларускай мовы Анатолем Прасаловічам. Сёньня ён меўся пайсьці ў міліцыю на допыт.