3 верасьня сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову асудзілі на 15 сутак арышту, не выпусьціўшы з-за кратаў пасьля папярэдняга арышту. Як яна апынулася ў Польшчы, незразумела.
Прэс-сакратар Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў паведаміў Свабодзе: «Пацьвярджаем, што Вольга знаходзіцца цяпер у Польшчы».
Цяпер Каардынацыйная рада рыхтуе заяву з нагоды выезду Кавальковай у Польшчу.
Вольга Кавалькова, былая давераная асоба экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай, была затрыманая 24 жніўня ля прахадной Трактарнага завода, куды прыехала з прадстаўніком страйкаму МТЗ Сяргеем Дылеўскім, каб абмеркаваць з рабочымі сытуацыю на прадпрыемстве, дзе другі тыдзень ініцыявалі страйк.
Вольгу Кавалькову асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства». 3 верасьня 10-дзённы тэрмін арышту скончыўся, аднак у той жа дзень Кавалькову зноў асудзілі яшчэ на 15 сутак, прызналі вінаватай ва ўдзеле ў мітынгу каля гатэля «Плянэта» 23 жніўня. Як Вольгу адпусьцілі да заканчэньня тэрміну арышту, пакуль невядома.