Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні студэнтаў на плошчы Якуба Коласа ў Менску. 5 верасьня.
Затрыманьні студэнтаў на плошчы Якуба Коласа ў Менску. 5 верасьня.

28 дзень пратэстаў. Акцыя салідарнасьці студэнтаў, маршы жанчын у белым і чорным. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Што адбываецца ў Беларусі на 28-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

14:01 5.9.2020

«ЭЗ дазволіць дыктатару зь Менску выйсьці сухім з вады». Міжнародная прэса пра Беларусь

Прапануем кароткі агляд нядаўніх вартых увагі публікацый пра Беларусь у міжнароднай прэсе.

13:59 5.9.2020

Відэа хапуну на вуліцы Карла Маркса

13:30 5.9.2020

У Берасьці людзі прыйшлі да школы, зь якой звольлі кіраўніцтва

Дырэктар школы была ў выбарчай камісіі, паводле падлікаў якой Сьвятлана Ціханоўская набрала ўдвая больш галасоў за Аляксандра Лукашэнку.

У Берасьці каля школы-садка № 10 сабраліся бацькі і настаўнікі падтрымаць звольненых дырэктара і завучаў.

Усяго прыйшлі каля ста чалавек.

Напярэдадні з школы «на ўласнае жаданьне» звольніліся дырэктар і два завучы. Яны былі ў выбарчай камісіі і вывесілі пратакол, паводле якога перамагла Сьвятлана Ціханоўская (1155 галасоў супраць 499 у Лукашэнкі), паведамляе «Бинокль».

Міліцыянты затрымалі мужчыну, які прыйшоў зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Людзі падпісваюць заяву з просьбай вярнуць дырэктара і намесьнікаў.

13:24 5.9.2020

Затрыманьні на студэнцкай акцыі салідарнасьці ў Менску

На вуліцы Карла Маркса затрымалі звыш 15 чалавек, якія ішлі ў студэнцкім маршы, піша Onliner.by: «Забіралі ўсіх хлопцаў»

13:11 5.9.2020

У Гомлі пасадзілі да суду ў ізалятар дзьвюх жанчын, адна зь іх мае малое дзіця

У Гомлі ўчора міліцыя затрымала дзьвюх жанчын — Сьвятлану Нарскіну і Тацьцяну Бачурную. Тацьцяна адна выхоўвае малалетняга сына

Тацьцяна Бачурная зьбірала подпісы за тое, каб адклікаць дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Гомельскай-Навабеліцкай акругі Вольгу Крэч. Жанчыну міліцыя затрымала проста на працы, завезла ў аддзел, а потым у ІЧУ. Яе дзеяньні дзеля збору подпісаў міліцыянты расцанілі як несанкцыянаванае мерапрыемства.

Сьвятлану Нарскіну ўчора выклікалі ў Цэнтральны РАУС з прычыны яе ўдзелу ў мірных акцыях пратэсту. Адтуль яна ня выйшла — жанчыну таксама завезьлі ў ІЧУ да панядзелка, калі над ёй будзе суд.

Учора Сьвятлана Нарскіна цэлы дзень была ў судзе, падтрымлівала такім чынам журналістку Ларысу Шчыракову, якая таксама правяла суткі да суду у ізалятары часовага ўтрыманьня. Ані міліцыя, ані суд не давалі блізкім і калегам Шчыраковай ніякіх зьвестак пра яе затрыманьне і суд. Яе судзілі за нібыта непадпарадкаваньне міліцыі ў будынку АУС Гомельскага раёну, на суд нікога не пусьцілі.

Пасьля суду Шчыракову завезьлі ў міліцыю і склалі новы пратакол паводле артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ). Маецца на ўвазе супраца з тэлеканалам «Белсат»

13:07 5.9.2020

Каля Лінгвістычнага ўнівэрсытэту падтрымаць студэнтаў выйшлі выкладчыкі

13:03 5.9.2020

Фонд салідарнасьці BY_HELP патраціў на дапамогу пацярпелым падчас пратэстаў амаль паўмільёна рублёў

На 5 верасьня з фонду патрацілі на дапамогу 495 772 рублі. Гэта 243 штрафы, 3 кампэнсацыі працы адвакатаў, 24 адміністрацыйныя тэрміны і 74 кампэнсацыйныя мэдыцынскія выплаты. Агулам фонду за два месяцы дзейнасьці ўдалося сабраць $ 2.870.696 ад 68341 ахвярадаўцы.

Збор сродкаў на Фэйсбуку зачынены, пакуль фонд не раздасьць усе сабраныя сродкі або іх значную частку. Фонд паведамляе, што ў найбліжэйшым часе будзе абвешчана яшчэ пра два партнэрскія зборы, якім будзе патрэбная падтрымка і дапамога.

Фонд салідарнасьці BY_HELP дапамагае фінансава тым, хто пацярпеў падчас акцыяў пратэсту, а таксама дапамагае з аплатамі штрафаў у Беларусі

13:02 5.9.2020

Міністар адукацыі Ігар Карпенка вырашыў «узмацніць захады бясьпекі навучэнцаў і работнікаў ва ўстановах адукацыі»

«Міністар адукацыі сёньня даў даручэньні, якія тычацца арганізацыі бясьпекі навучэнцаў, прафэсарска-выкладчыцкага складу, работнікаў установаў пры арганізацыі навучальнага працэсу і знаходжаньні ў будынках і на тэрыторыі ўстановаў адукацыі», — паведаміла прэс-служба ведамства ў суботу.

Згодна з даручэньнямі Карпенкі будуць прыняты дадатковыя захады дзеля ўзмацненьня кантролю доступу староньніх асобаў ва ўстановы адукацыі, а таксама іншыя крокі для ўмацаваньня рэжыму бясьпекі ў іх. Таксама будзе арганізавана ўзаемадзеянне ўсіх зацікаўленых службаў, у тым ліку органаў аховы правапарадку.

«Адпаведны ліст накіраваны ва ўсе ўстановы адукацыі», — адзначылі ў міністэрстве.

Напярэдадні ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце (МДЛУ) студэнтаў затрымалі пасьля таго, як група навучэнцаў прасьпявала «Марсэльезу». Як сьведчаць відэазапісы, распаўсюджаныя ў сацыяльных сетках, студэнтаў затрымлівалі людзі як у цывільным, так і з надпісам на сьпіне «ОМОН». Пры гэтым відаць, што адміністрацыя ўнівэрсытэту бязьдзейнічала і не перашкаджала затрыманьням, якія адбываліся ў грубай форме

12:48 5.9.2020

Вось такі зварот учора публікавалі беларускія лекары і навукоўцы

12:26 5.9.2020

Латушка правёў перамовы ў Вільні, сустрэўся з уладамі Літвы і беларускай дыяспарай

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка расказаў пра вынікі сустрэчаў з прадстаўнікамі заканадаўчай і выканаўчай уладаў Літвы

«З боку ўладаў Літвы ёсьць адназначнае разуменьне таго, што сёньняшняя ўлада Беларусі становіцца нелегітымнай і далейшае ажыцьцяўленьне кантактаў на вышэйшым узроўні не будзе таксама магчымым, як і правядзеньне кантактаў на іншых высокіх дзяржаўных пасадах — гэта стварае прэцэндэнтную сытуацыю ў міжнародных адносінах», — піша Латушка.

Ён абмяркоўваў неабходнасьць запусьціць дыялёг Расеі зь беларускім грамадзтвам і Эўразьвязу зь беларускімі ўладамі, таксама абмеркаваў магчымасьць вызначыць міжнародную адвакацкую кампанію, якая пачала б расьсьледаваць злачынствы сілавікоў супраць грамадзянаў Беларусі, фінансавую падтрымку Беларусі.

«Абмеркаваныя прававыя падыходы да акрэсьленьня міжнароднай правасуб’ектнасьці Беларусі пасьля заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў дзейнага прэзыдэнта краіны», — дадае Латушка.

12:17 5.9.2020

Студэнты ў Менску ўжо зьбіраюцца на акцыі

  • каля БНТУ,
  • юрыдычнага факультэту і факультэту міжнародных адносінаў БДУ.

Акцыю ў двары БДУ правесьці спачатку не далі, але цяпер прарэктар запрашае пратэстоўцаў туды.

12:15 5.9.2020

Шрайбман пра Лукашэнку, Расею і «перахопленыя размовы»: «Адсутнасьць рэпутацыі як фактару ў прыняцьці рашэньняў робіць вальнейшым»

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман разважае: у апошнія дні і заходнія, і маскоўскія назіральнікі сталі ўспрымаць усё, што чуюць ад афіцыйнага Менску, як палітычны блеф, бо беларускія ўлады «паказваюць, што цалкам паглыбіліся ў сьвет пост-праўды».

У сувязі з гэтым, мяркуе Шрайбман, Масква ня будзе дамагацца ад Лукашэнкі доўгатэрміновых саступак, напрыклад падпісаньня «дарожных мапаў», бо іх выкананьне трымаецца толькі на рэпутацыі ўладаў: «подпіс пад імі можа быць ануляваны на новым коле пошуку палітычных ворагаў». Дамагацца будуць саступак, якія можна выканаць «тут і цяпер», прыкладам прыватызацыі буйных актываў і замыканьня таварных плыняў на расейскую інфраструктуру, лічыць аналітык.

12:14 5.9.2020

Сьвятлана Ціханоўская неўзабаве наведае Варшаву

Пра гэта паведаміў віцэ-міністар замежных спраў Польшчы Павэл Яблоньскі, выступаючы 5 верасьня ў эфіры радыёстанцыі Zet.

Напярэдадні Беларускі дом у Варшаве паведаміў у Facebook аб правядзеньні ў польскай сталіцы сустрэчы зь Ціханоўскай, якая арганізуецца пры ўдзеле канцылярыі прэмʼер-міністра Польшчы. Паводле Беларускага дому сустрэча заплянаваная на 9 верасьня

12:14 5.9.2020

«Ён пачаў задыхацца, а амапаўцы пхалі яго ў адзіночную камэру аўтазаку»

«Калі падвялі да стала для рэгістрацыі, мне заламалі руку за тое, што адказваў на пытаньні сагнуўшыся. Пасьля такога захопу ў мяне на біцэпсе застаўся сіняк. Скажу наперад, што пабіцьцё не фіксаваў, бо знакі за час зьняволеньня сышлі».

Гісторыі міліцэйскага гвалту ў жніўні

12:13 5.9.2020

Алекс — Юстасу. Няспраўджаная сэнсацыя

Экспэрт Свабоды Валер Карбалевіч аналізуе ўмяшаньне Менску ў справу аб атручэньні Навальнага

БТ паказала анансаваны сюжэт нібыта сакрэтных перамоваў паміж Бэрлінам і Варшавай. Сэнсацыя не ўдалася. Мы пачулі размову нейкіх двух чалавек, якія абмяркоўваюць палітычныя навіны. Абсалютна незразумела, ці маюць яны нейкае дачыненьне ня тое каб да ўрадавых колаў Нямеччыны і Польшчы, а нават ці зьяўляюцца яны афіцыйнымі асобамі. Гэта могуць быць проста двое прыяцеляў.

Калі б справа абмежавалася гісторыяў з Навальным, то яшчэ можна было б штосьці падумаць наконт праўдападобнасьці афіцыйнай беларускай вэрсіі.

Але потым зайшла гаворка пра Беларусь. І тут стыль размовы аказаўся вельмі падобны на той, якія выкарыстоўваюць беларускія дзяржаўныя мэдыі. І ўжо вельмі дакладна кладзецца ў афіцыйную вэрсію, маўляў беларускай рэвалюцыяй кіруе Польшча. Нібыта адмыслова пад заказ для БТ

12:12 5.9.2020

Паводле МУС, у краіне ў пятніцу прайшлі 22 масавыя акцыі пратэсту ў 13 населеных пунктах

У іх, паводле МУС, узялі ўдзел каля тысячы чалавек. У Менску несанкцыянаваныя акцыі былі ў некалькіх месцах. Самая вялікай стаў марш жанчын, а 18-й гадзіне людзі прайшлі ад Камароўскмга рынку да плошчы Незалежнасці, дзе правялі мітынг.

Міліцыя за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах затрымала 41 чалавека. Да разгляду ў судах спраў па адміністрацыйных пратаколах у месцы ізалятары зьмешчаны 21 чалавек.

12:08 5.9.2020

«Сілавікі пачнуць пераходзіць на бок пратэстоўцаў, калі перамога стане відавочнай». Былы сьледчы СК Беларусі — пра прычыны звальненьня

Сьледчы Сльедчага камітэту Беларусі Ігар Лобан пасьля першых дзён міліцэйскага гвалту на вуліцах беларускіх гарадоў запісаў зварот да міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева, у якім назваў яго чалавекам бяз гонару і сумленьня за апраўданьне дзеяньняў сваіх падначаленых. Пару дзён таму Ігар Лобан быў афіцыйна звольнены са Сьледчага камітэту і цяпер абладжвае сваё цывільнае жыцьцё.

Зь ім пагаварылі журналісты «Настоящего времени».

12:06 5.9.2020

Набажэнствы за мір у Беларусі правядуць хрысьціяне розных канфэсіяў

5 верасьня ў касьцёле Сымона і Алены ў Менску (Чырвоны касьцёл) у 19.00 будзе імша за ўсіх пацярпелых, забітых і зьняволеных падчас мірных акцый у Беларусі, а таксама іх родных і блізкіх.

У Горадні ўчора распачалася перэгрынацыя фігуры сьвятога Міхала Арханёла па катэдральных касьцёлах усіх дыяцэзіяў на Беларусі з просьбамі да хутчэйшага вырашэньня грамадзка-палітычнага крызісу ў краіне.

Праваслаўны мітрапаліт Веньямін заклікаў да малітвы за мір у Беларусі ва ўсіх цэрквах 6 верасьня а 17 гадзіне.

11:44 5.9.2020

Польская пракуратура расьсьледуе гвалт у дачыненьні да трох затрыманых у Беларусі палякаў

У Польшчы пракуратура пачала расьсьледаваньне арышту, зьбіцьця і катаваньняў трох палякаў у Беларусі. Іх затрымалі ў Менску 9 жніўня. Пра гэта паведамляе радыё RMF24.

Радыёканал паведамляе, што пацярпелыя мужчыны, вярнуўшыся зь Беларусі, прайшлі дэталёвае абсьледаваньне, судова-мэдычную экспэртызу, і іх траўмы былі пацьверджаныя заключэньнем экспэрта.

Пацярпелыя распавялі, як іх зьбівалі пры затрыманьні. Першыя 15 гадзін іх трымалі ў нейкім памяшканьні, падобным на спартзалу, з трыма сотнямі іншых затрыманых, дзе таксама білі і пагражалі расправай. Затым іх перавезьлі ў СІЗА Жодзіна. Вызваленыя яны былі 13 жніўня.

11:27 5.9.2020

Гімнастка Меліціна Станюта: «Я проста не магла маўчаць»

«Шмат у каго з нас у кожнай сям’і цяпер ёсьць той, хто быў на пратэстах або проста глядзеў, сядзеў дзесьці на лаўцы са сваёй дзяўчынай ці выходзіў у краму, а затым апынуўся ў аўтазаку», — сказала вядомая беларуская гімнастка Меліціна Станюта ў інтэрвію The Guardian.

Станюта, якая ў Інстаграме асудзіла затрыманьні каля крамы symbal.by і ў выніку была вымушаная звольніцца з АНТ, сказала, што не разумее, чаму яе калегі-спартоўцы не выказваюцца публічна пра пасьлявыбарчыя падзеі ў Беларусі.

«Я проста не магла маўчаць, — сказала Станюта пра сваё выказваньне, якое каштавала ёй пасаду вядоўцы спартовай рубрыкі на тэлеканале. — Мае словы тычыліся толькі закона і таго, што мы жывем у дэмакратычнай краіне. Калі мы не парушаем закон, мы знаходзімся пад абаронай. Але калі вы стаіце ў чарзе ў краму, то вас могуць кінуць у аўтазак».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG