Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Кузьміч: Я прачынаўся ад таго, што пераставаў дыхаць


Аляксей Кузьміч
Аляксей Кузьміч

Мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч, які 1 верасьня зьехаў з Беларусі ў Кіеў, прыгадаў зьдзекі і катаваньні на Акрэсьціна.

У дзень прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня Кузьміч правёў акцыю на выбарчым участку. Ён выйшаў з кабінкі для галасаваньня ў насьцёгнавай павязцы, а на грудзі прымацаваў бюлетэнь з намаляваным на ім фалічнай сымбалем. Вочы ён завязаў чырвонай павязкай і стаў у выглядзе ўкрыжаваньня. Такую ж акцыю ён паўтарыў перад АМАПам на праспэкце Машэрава.

Назаўтра пасьля акцыі пратэсту да яго ў кватэру ўварваўся АМАП і адвёз на допыт.

Вось што ён расказаў карэспандэнту «Настоящего времени».

«Кінулі мяне ў так званы „стакан“, дзе сядзелі 30 чалавек на дзевяць квадратных мэтраў. Дзе не было магчымасьці ня тое каб прылегчы, але і прысесьці, — успамінае ён. — У такіх умовах я правёў два дні, а на трэці мяне этапавалі на Акрэсьціна. Этапавалі АМАПаўцы, перад гэтым яны ўсіх пабілі, у тым ліку мяне. Потым, калі прывезьлі на Акрэсьціна, то ўсіх праганялі праз „калідор“, праз шэрагі АМАПу, і кожны біў гумавай палкай».

Аляксей кажа, што яму пашанцавала: празь некалькі дзён яго з Акрэсьціна забралі лекары.

«Калі сядзіш у камэры, гэта своеасаблівае катаваньне. Там не было паветра, напрыклад, я прачынаўся ад таго, што пераставаў дыхаць, — апісвае ён. — Яшчэ ўключалі страбаскоп — гэта калі рэзкае сьвятло б’е ў вочы, гэта павышае артэрыяльны ціск. Былі і ўсякія іншыя псыхалягічныя мэтады, каб зламаць мэнтальна, а потым яшчэ і фізычна».

Сёньня Аляксей Кузьміч жыве ў Кіеве: кажа, радуецца, што можа свабодна хадзіць па вуліцах бяз страху за жыцьцё. Але пры гэтым, нягледзячы на ўсё, што зь ім адбылося, зь яго словаў, ён не хацеў зьяжджаць з роднай краіны.

«Мне давялося пакінуць Беларусь, каб унікнуць дрэннага: ёсьць зьвесткі, што рыхтуецца фальсыфікацыя маёй справы на тэму парнаграфіі, — тлумачыць ён. — Пакінуў я Беларусь з другога разу. Першы раз спрабаваў вылецець самалётам, але мяне зьнялі. На другі раз наземным транспартам дабраўся да Ўкраіны».

Але колькі ён прабудзе ва Ўкраіне, Аляксей не ведае. Кажа, чакае моманту, каб вярнуцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG