Некалькі тысяч студэнтаў з розных ВНУ Менску выйшлі на забастоўку 1 верасьня. Студэнты хацелі перадаць у Міністэрства адукацыі пэтыцыю за адстаўку прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і новыя справядлівыя выбары.
Удзельнікі акцыі некалькі разоў спрабавалі прайсьці да Мінадукацыі, але іх блякавалі праваахоўнікі.
Ад плошчы Свабоды студэнты прайшлі па вуліцы Няміга да праспэкту Незалежнасьці. Удзельнікі некалькі разоў яго перасякалі, рух пры гэтым не перакрываўся. На плошчы Леніна стаялі мабільныя кардоны сілавікоў.
Міліцыя некалькі разоў затрымлівала ўдзельнікаў акцыі, замінаючы ім сабрацца. Пасьля затрыманых адпусьцілі.
Шэсьце студэнтаў завяршылася ў раёне стадыёну «Дынама», дзе сілавікі затрымалі каля дзесяці студэнтаў, а таксама прынамсі 8 журналістаў. Іх пакінулі ў РУУС да раніцы.