Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся па дапамогу да Расеі, хутчэй за ўсё, адмаўляецца ад улады ў Менску, хоць сам гэтага не ўсьведамляе. Такое меркаваньне выказаў былы памочнік прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан.
24-ы дзень пратэстаў. Марш студэнтаў у Менску. Новыя затрыманьні і суды. Абвінавачаньне Севярынцу
На думку Болтана, цяпер «палітычнае выжываньне» беларускага лідэра залежыць ад Крамля.
«Лукашэнка, магчыма, яшчэ не ўсьведамляе гэтага, але зварот да Масквы па дапамогу, хутчэй за ўсё, азначае, што ён адмаўляецца ад улады ў Менску», — напісаў экс-памочнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў сваім камэнтары, апублікаваным газэтай The Daily Telegraph.
Болтан лічыць, што грамадзяне Беларусі павінны вырашыць, ці сапраўды яны хочуць свабоды і незалежнасьці, і вызначыцца, «ці будзе іх рэвалюцыя празаходняй ці прарасейскай». Пры гэтым экс-памочнік амэрыканскага прэзыдэнта ўпэўнены, што Расея не дапусьціць новай каляровай рэвалюцыі на сваіх межах.
Болтан таксама скрытыкаваў Эўразьвяз, які, як ён лічыць, «шмат гаварыў і мала дзейнічаў».
Напярэдадні ўлады Латвіі, Літвы і Эстоніі забаранілі ўезд у свае краіны Аляксандру Лукашэнку і шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Сёньня стала вядома, што гэтыя краіны дамовіліся больш не купляць электраэнэргію ў Беларусі.