З1 жніўня ў Магілёве і Горках судзілі ўдзельнікаў «Маршу за мір і незалежнасьць».
Актывіста руху «За свабоду» Андрэя Юркова асудзілі на 15 сутак. Вядома, што ягоную справу разглядалі ў мясцовым ізалятары. У чым актывіста абвінавацілі, у судзе ня кажуць. Затрымалі яго 30 жніўня пасьля акцыі пратэсту. Да суду ўтрымлівалі ў ізалятары.
11 жніўня Юркова за ўдзел у пратэсьце супраць вынікаў выбараў ужо каралі 12 суткамі — па артыкуле за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
Горацкі суд аштрафаваў на 810 рублёў актывіста КХП БНФ Віктара Каралькова за арганізацыю несанкцыянаванага пікета і мітынгу. Яго затрымалі 30 жніўня пасьля завяршэньня «маршу». Да суду яго трымалі ў ізалятары, дзе і разглядалася справа супраць яго.
Як паведаміў Свабодзе праваабаронца Валадар Цурпанаў, партыец адмовіўся ўдзельнічаць у працэсе, бо суд разглядаў справу на расейскай мове.
«Ён зрабіў заяву, што стаў ахвярай расейскіх карнікаў, якія дзейнічаюць у Горках, улучна з судом», — адзначае Цурпанаў.
Ленінскі суд Магілёва адправіў справу супраць блогера Андрэя Бодзілева на дапрацоўку ў Магілёўскі раённы аддзел міліцыі.
Судзьдзя Аксана Ратнікава зачытала пратакол адміністрацыйнага затрыманьня, згодна зь якім блогеру інкрымінуюць парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Ён удзельнічаў у несанкцыянаваным шэсьці, фіксаваў яго на камэру мабільнага тэлефона ды выказваў сваю нязгоду з вынікамі выбараў прэзыдэнта.
Затрымалі Бодзілева 30 жніўня, як скончыўся «Марш міру і незалежнасьці». Ён кажа, што ў пратаколе віны не прызнаў. У шэсьці ня ўдзельнічаў, а вёў зь яго для свайго ютуб-каналу «Свабодны беларус» стрым. Блогер лічыць, што нагодай для арышту была жывая трансьляцыя.
Журналіст інтэрнэт-выданьня «Магілёўскі рэгіён 6tv.by» Аляксандар Сабалеўскі застаецца ў ізалятары. Што яму інкрымінуюць, невядома. Затрымалі яго 30 жніўня людзі ў цывільным падчас «Маршу за мір і незалежнасьць». Ён вёў стрым зь яго.