Блізкі да прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул Первого» сьцьвярджае, што падчас мітынгу непадалёк ад Палаца Незалежнасьці кіраўнік краіны быў са зброяй на тэрыторыі рэзыдэнцыі.
Раней здымак разьмясьціла РИА Новости. Паводле расейскага агенцтва, яго даслала прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант у адказ на пытаньне, дзе знаходзіцца Аляксандар Лукашэнка.
Празь некаторы час «Пул Первого» патлумачыў, што фота Лукашэнкі з аўтаматам каля Палаца Незалежнасьці зрабілі каля 16.00.
Але ў той час пратэстоўцаў пад палацам практычна не было — галава калёны тады была яшчэ каля Стэлы. Пасьля, калі дэманстранты наблізіліся да палаца, чалавека ў такім адзеньні не было відаць.
Пазьней відавочцы паведамлялі пра снайпэраў на даху палаца і амаль 10 БТРаў побач з рэзыдэнцыяй.