Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла, што 30 жніўня каля 14.40 паблізу плошчы Незалежнасьці ў Менску «натоўп людзей накінуўся на службовы аўтамабіль міліцыі і пашкодзіў яго».
«З дапамогай падручных прадметаў зламысьнікі разьбілі лабавое шкло, а таксама пашкодзілі бакавыя часткі машыны. Зараз тры чалавекі затрыманыя і дастаўленыя ў Ленінскае РУУС сталіцы», — паведамляе МУС.
На відэа, якое апублікавала МУС, аднак, відаць, што канфлікт пачаўся з таго, што зь мікрааўтобуса без нумароў, які міністэрства называе «службовым аўтамабілем міліцыі», выскачылі некалькі чалавек у цывільным і пачалі жорстка зьбіваць і затрымліваць чалавека. Тады пратэстоўцы кінуліся на абарону мужчыны, сталі крычаць: «Гэта правакацыя». Пратэстоўцы спрабавалі спыніць затрыманьні і накінуліся на аўтамабіль.
Як паведамляе МУС, «сярод затрыманых — трэнэр па футболе 1986 году нараджэньня і ўдзельнік фанацкага руху вядомага футбольнага клюбу 1993 году нараджэньня, абодва неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці». Яшчэ адзін затрыманы 1978 году нараджэньня, паводле МУС, раней судзімы і таксама неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці, «адзін з затрыманых знаходзіўся ў стане алькагольнага ап’яненьня».