Расейскае ўмяшаньне ў сытуацыю ў Беларусі было б «найгоршым варыянтам з магчымых». Такую думку выказаў у пятніцу прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.
Так францускі прэзыдэнт адрэагаваў на словы прэзыдэнта Расеі пра падрыхтоўку «рэзэрву» зь ліку супрацоўнікаў расейскіх праваахоўных органаў на выпадак абвастрэньня сытуацыі ў Беларусі.
Па словах Макрона, у тэлефоннай размове з Пуціным ён наўпрост назваў непажаданым ваеннае ці паліцэйскае расейскае ўмяшаньне ў Беларусі.
Макрон заявіў, што ён і Мэркель хочуць, каб Пуцін пераканаў Лукашэнку ў неабходнасьці прыцягнуць АБСЭ ў якасьці пасярэдніка паміж уладамі Беларусі і пратэстоўцамі. Са словаў францускага прэзыдэнта вынікае, што Пуцін данёс гэтую ідэю да Лукашэнкі, аднак той зь ёю не пагадзіўся.
Паводле прэзыдэнта Францыі, ні ён, ні канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель не жадаюць «паўтарэньня таго, што адбылося ва Ўкраіне» ў 2014 годзе, калі пасьля масавых вулічных пратэстаў з краіны ўцёк прэзыдэнт Віктар Януковіч, а Расея пад маркай «абароны расейскамоўнага насельніцтва» анэксавала Крым, а затым аказала дапамогу сэпаратыстам у Данбасе, што прывяло да ўзброенага канфлікту, які працягваецца да гэтага часу.