Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Гомлі зьменшыў пакараньне зьбітаму амапаўцамі хлопцу з 10 да 3 сутак


Павал Пагарцаў і Леанід Судаленка (справа)
Павал Пагарцаў і Леанід Судаленка (справа)

28 жніўня Гомельскі абласны суд разгледзеў скаргу 20-гадовага Паўла Пагарцава на пакараньне арыштам пасьля затрыманьня амапаўцамі.

Паўла затрымалі 11 жніўня. Супрацоўнікі АМАП ці міліцыі (яны былі без апазнавальных знакаў) моцна яго зьбілі, акуналі галавой ва ўнітаз, прымушалі поўзаць па аддзеле міліцыі, чынілі іншыя зьдзекі.

Суд 12 жніўня пакараў маладога чалавека арыштам на 10 дзён нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаваньні міліцыі. Павал адседзеў трое сутак, пасьля чаго яго вызвалілі датэрмінова, як і многіх жыхароў Гомля.

Ён зьняў пабоі і падаў скаргу ў Сьледчы камітэт. Пакуль выніку няма.

Разглядаў скаргу судзьдзя Анатоль Сотнікаў (абласны суд). Пагарцаў лічыць сябе невінаватым і прасіў скасаваць рашэньне раённага суду аб арышце на 10 сутак. На суд прыйшлі жанчыны, якія былі сьведкамі затрыманьня Паўла 11 жніўня і нават зьнялі відэа. На ім відаць, што Павал не супраціўляўся, як напісана ў пратаколе. Судзьдзя прыняў рашэньне не дапытваць жыхарак Гомля, бо «няма падстаў для апытаньня сьведак».

Павал Пагарцаў пасьля зьбіцьця
Павал Пагарцаў пасьля зьбіцьця

Анатоль Сотнікаў прыняў рашэньне зьмяніць пастанову раённага суду, і замест 10 сутак пакараў Паўла трыма суткамі арышту.

«Гэта рашэньне і нашым, і вашым. Павал прасіў скасаваць рашэньне раённага суду, апраўдаць яго. Я раю яму дабівацца поўнай рэабілітацыі. Тое, што зь яго „зьнялі“ 7 сутак, не азначае, што ён невінаваты», — пракамэнтаваў праваабаронца Леанід Судаленка.

Таксама сёньня абласны суд разглядаў скаргу на пастанову раённага суду ў дачыненьні Мікіты Шалаева. Яго за акцыі пакаралі арыштам на 15 сутак. Аналягічна суд прыняў рашэньне зьнізіць пакараньне да 3 сутак арышту, якія малады чалавек ужо адседзеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG