Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач расказаў, што падчас размовы з паслом Беларусі ў Польшчы ён перадаў у адрас афіцыйнага Менску словы «зьдзіўленьня, расчараваньня і заклапочанасьці з нагоды заяваў Аляксандра Лукашэнкі і яго найбліжэйшага атачэньня», паведамляе Польскае радыё.
27 жніўня ў МЗС Польшчы выклікалі амбасадара Беларусі Віктара Чушава пасьля заявы Лукашэнкі, што Польшча нібыта мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Горадзенскую вобласьць.
Паводле намесьніка міністра, беларускага дыплямата тэрмінова запрасілі ў МЗС у сувязі з «сэрыяй ілжывых заяваў, абвінавачаньняў з боку вышэйшых прадстаўнікоў беларускіх уладаў у адрас Польшчы».
Пшыдач падкрэсьліў, што Польшча лічыць такую лінію «неабгрунтаванай, заснаванай на лжывых і шкодных аргумэнтах». Ён падкрэсьліў, што Польшча ня мае варожых намераў да Беларусі і дадаў, што ў краіне не вядзецца дэбатаў аб якіх-небудзь памежных або геапалітычных зрухах, няма ніякіх вайсковых рухаў.
«На наш погляд, гэта спроба запалохаць беларускае грамадзтва нейкім уяўным вонкавым ворагам», — ацаніў намесьнік міністра.