Пакуль улады робяць гучныя заявы аб тым, што менскія сьвятыні трэба абараніць ад масавых беспарадкаў, рэальную павагу да сьвятыняў і прынцыпаў маралі дэманструюць толькі пратэстоўцы.
На «Маршы за новую Беларусь» 16 жніўня, калі людзі зьбіраліся побач са стэлай у Менску, некалькі чалавек сачылі, каб ніхто не ступаў уласна на манумэнт. Людзей ветліва прасілі спусьціцца і тлумачылі, што трэба праяўляць павагу і не даваць уладам нагодаў абвінаваціць пратэст у вандалізме. Пра тое, як пратэстоўцы прыбіраюць за сабой і становяцца на лаўкі, папярэдне здымаючы абутак, я нават не хачу шмат казаць, бо пра гэта кажуць і пішуць ледзь не па ўсім сьвеце. Гэта наш новы брэнд.
Але што хаваецца за рыторыкай Лукашэнкі пра сьвятыні і павагу? На другім Маршы, 23 жніўня, пратэстоўцы зладзілі хвіліну маўчаньня ў памяць людзей, забітых сілавікамі, але гэтую хвіліну хутка перарвалі абвесткай, што мерапрыемства несанкцыянаванае, людзі парушаюць парадак і мусяць разысьціся. Народны мэмарыял памяці Аляксандра Тарайкоўскага побач са станцыяй мэтро «Пушкінская» ўвесь час разьбіраюць дзяржаўныя службы. Дваццаць шостага жніўня сілавікі зачынілі людзей у касьцёле на плошчы Незалежнасьці і не давалі ім адтуль выйсьці. Нехта ў форме адабраў сьцяг у Ніны Багінскай.
Гэта ў іх, ва ўладаў, няма анічога сьвятога. Нашая барацьба апошнім часам усё больш пачынае нагадваць не палітычнае супрацьстаяньне, а спрадвечную барацьбу паміж Дабром і Злом. Гэта быццам казка, дзе няма нічога немагчымага і трэба быць гатовымі да любых паваротаў сюжэту. Дабру ў гэтым змаганьні прыходзіцца цяжэй, бо яго стрымліваюць маральныя нормы, каштоўнасьці і перакананьні. Але ж і праўда таксама на ягоным баку.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.