«У нас складаецца ўражаньне, што нам спэцыяльна чынілі перашкоды, каб мы не змаглі атрымаць рэгістрацыю і не змаглі працаваць», — кажа галоўная рэдактарка незарэгістраванага выдавецтва «Пфляўмбаўм» Алена Казлова.
Ніводзін з тэлефонаў Міністэрства інфармацыі, у тым ліку Ўпраўленьня па выдавецкай і паліграфічнай дзейнасьці, у другой палове дня 26 жніўня не адказваў.
Алена Казлова кажа, што юрасобу для выдавецтва зарэгістравалі ўжо год таму — гэта ТАА «Пфляўмбаўм».
«З кастрычніка мінулага году нашая дырэктарка Натальля Рак падавала дакумэнты ў Міністэрства інфармацыі, каб мы прайшлі кваліфікацыйны экзамэн па выдавецкай дзейнасьці, — кажа Казлова. — Падавалі разоў сем. Дакумэнты ў Міністэрстве трымалі максымальна магчымы па заканадаўстве час — месяц, і поштай адпраўлялі назад. Знаходзілі розныя неадпаведнасьці і на гэтай падставе вярталі».
Урэшце экзамэн прызначылі, але Натальлі Рак адмовілі ў рэгістрацыі.
«Яна рыхтавалася паводле кнігі, рэкамэндаванай на сайце Мінінфарма, — тлумачыць Алена Казлова. — Але пытаньняў, якія задавалі на іспыце, у гэтым дапаможніку не было».
На гэтым эпапэя са спробамі зарэгістравацца ў Беларусі ня скончылася. Праз два месяцы, як прадугледжана заканадаўствам, выдавецтва падала дакумэнты на прызначэньне новага іспыту.
«У нас іх прынялі, але экзамэн не прызначаюць, — расказвае Алена Казлова. — Мы накіравалі скаргу ў Міністэрства інфармацыі, бо парушаюцца нашыя правы. Максымальны тэрмін для прызначэньня экзамэну — месяц. 15 ліпеня быў апошні тэрмін, калі яны мусілі праінфармаваць нас аб тым, калі яны прызначаць дату.
Нам прыйшоў адказ на скаргу пра тое, што нам прызначаць экзамэн у бліжэйшы тэрмін, але больш ніякіх зьвестак».
Перапіску зь Міністэрствам інфармацыі галоўная рэдактарка выклала на старонцы выдавецтва ў фэйсбуку.
Радыё Свабода спрабавала атрымаць камэнтар у Міністэрстве інфармацыі, аднак ніводзін з тэлефонаў міністэрства не адказваў.
«У нас складаецца ўражаньне, што нам спэцыяльна чынілі перашкоды, каб мы не змаглі атрымаць рэгістрацыю і не змаглі працаваць. Мы зьвязваем гэта з тым, што дзейным уладам не падабаецца Сьвятлана Алексіевіч, якая ініцыявала стварэньне гэтага выдавецтва», — мяркуе галоўная рэдактарка незарэгістраванага выдавецтва «Пфляўмбаўм» Алена Казлова.
Ідэю заснаваць выдавецтва для жанчын ініцыявала нобэлеўская ляўрэатка па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч. Першымі аўтарамі выдавецтва маюць стаць Ева Вежнавец і Тацяна Скарынкіна.
26 жніўня Сьвятлану Алексіевіч як сябра Каардынацыйнай рады выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт у якасьці сьведкі па справе аб спробах захопу ўлады.