24 жніўня затрыманьні палітыкаў і актывістаў адбываліся па ўсёй Беларусі.
Паводле праваабаронцаў «Вясны», у Менску затрымалі сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага, а таксама старшыню страйкаму МЗКЦ Аляксандра Лаўрыновіча.
Чатыром супрацоўнікам Беларускай дзяржаўнай філярмоніі ўручылі позвы ў РУУС, але нібыта ў якасьці сьведак. Усе былі на акцыі салідарнасьці 20 жніўня ля філярмоніі.
У Салігорску затрымалі сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна.
У Магілёве затрымалі Аляксандра Папкова, давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Дзьмітрыева. Гэта здарылася, калі ён выйшаў на адзіночны пікет зь бел-чырвона-белым і чырвона-зялёным сьцягамі.
У Нароўлі схапілі актывіста Мікалая Віткоўскага, якому раней прысудзілі тры дні арышту.
У Глыбокім і Верхнядзьвінску склалі пратаколы на ўдзельнікаў мірных акцыяў, у тым ліку затрымалі да суду Яраслава Берніковіча і выклікалі ў міліцыю Людмілу Барэйку.
У Горадні мелі судзіць за «непадпарадкаваньне» Дзьмітрыя Ціта, давераную асобу Сьвятланы Ціханоўскай. Аднак суд перанесьлі на 1 верасьня.