Заслужаная артыстка Беларусі, сьпявачка Анжаліка Агурбаш, якая шмат гадоў жыве ў Маскве, прыйшла на акцыю пратэсту да беларускай амбасады, каб «падтрымаць мірных беларусаў, якія сёньня выходзяць на мітынгі і маршы, рабочых, якія бастуюць у Беларусі».
«Усе мы змагаемся за сябе, за сваіх дзяцей, за будучыню ўсімі любімай Беларусі, — сказала яна тэлеканалу „Дождь“. — У кожнага з нас баліць душа і сэрца за тое, што цяпер робіцца».
«Мы хочам жыць бяз страху ў свабоднай, дэмакратычнай краіне. Мы хочам сумленных выбараў, мы хочам жыць, працаваць, любіць, сьпяваць любімыя песьні бяз страху, без тэрору, гвалту і агрэсіі», — дадала артыстка.
Падчас акцыі пратэсту каля амбасады паліцыя затрымала 11 чалавек. Некалькі дзясяткаў пратэстоўцаў ля будынку дыпмісіі трымалі ў руках доўгую белую стужку.
Агурбаш падкрэсьліла, што яна толькі «адна зь мільёнаў беларусаў, якія хочуць перамен». «Шчырай, прыязнай энэргіяй мы зможам супрацьстаяць гэтаму рэжыму, якому ўжо адназначна прыйшоў канец — усе гэта разумеюць», — сказала яна, дадаўшы, што ня верыць у афіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, паведаміў БелаПАН.
- 21 жніўня на афіцыйным канале сьпявачкі Анжалікі Агурбаш зьявілася абноўленая вэрсія «Наўздагон» — песьні пра «Пагоню», якую яна сьпявала на пачатку 1990-х. Відэакліп складаецца з кадраў мірных дэманстрацыяў, «ланцугоў салідарнасьці» і пратэстаў рабочых у Беларусі пасьля сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў.
-