Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мора людзей на маршы ў Менску. Міністар абароны пагражае войскам. Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў Беларусі на 15-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся два тыдні таму.

16:38 23.8.2020

Тысячы чалавек ідуць маршам праз цэнтар Гомля

4–5 тысяч чалавек рушаць па цэнтры гораду, калёна расьцягнулася па ўсім праспэкце Леніна.

16:35 23.8.2020

Што адбываецца ў Магілёве

У Магілёве на плошчы Славы сабралася блізу 4 тысяч удзельнікаў маршу «За новую Беларусь». Апошні раз на найстарэйшым пляцы апазыцыйна настроеныя гараджане зьбіраліся ў 1996 годзе – на «Чарнобыльскім шляху».

Цяпер пратэстоўцы разышліся па плошчы. Частка ўдзельнічае ў мітынгу, які праводзяць прыхільнікі Сьвятланы Ціханоўскай. На ім прамаўляюць у фармаце свабоднага мікрафону. Людзі кажуць пра гвалт учынены сілавікамі пасьля выбараў, заклікаюць Лукашэнку сысьці ў адстаўку, заяўляюць, што пратэсты ня спыняць і што ўлада пакрывае сілавікоў. Прамоўцаў перарываюць воклічы «не даруем», «жыве Беларусь», «ганьба».

Іншыя ўдзельнікі маршу фатаграфуюцца зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на фоне ратушы. Утварылі ланцуг ля парапетаў на замкавай гары. Цяпер калёна зноў рухаецца ў бок плошчы Леніна скандуючы традыцыйныя для пратэстаў лёзунгі.

16:35 23.8.2020

Менск: тысячы людзей ідуць маршам па праспэкце Незалежнасьці. АМАП атачыў адміністрыцыю прэзыдэнта

Людзі ідуць па праезнай частцы праспэкту Незалежнасьці праз Кастрычніцкую плошчу, паведамляе карэспандэнт Свабоды, у бок плошчы Перамогі, частка натоўпу аддзялілася і пайшла ў раён праспэкту Пераможцаў.

Тысячы чалавек, праходзячы паўз будынак МУС скандуюць: «Караева ў турму!», маючы на ўвазе міністра ўнутраных страў Юрыя Караева. Тысячы чалавек таксама скандуюць ля будынку КДБ «Не забудзем — не даруем», «Трыбунал!», «Свабоду», «Выпускай!».

Узмоцненыя сілы АМАПу атачылі адміністрацыю прэзыдэнта на вуліцы Карла Маркса.

Большая частка людзей з дэманстрацыі рушыла па вуліцы Леніна ў бок праспэкту Пераможцаў, перадае карэспандэнт Свабоды. Ля стэлы «Менск — горад-герой» стаяць вайскоўцы, вакол стэлы калючы дрот. Частка людзей рухаецца ў бок абэліску Перамогі і вяртаецца. Каардынацыі няма, мабільнага інтэрнэту ў дэманстрантаў таксама.

16:21 23.8.2020

Кіраўнік МЗС Расеі Лаўроў: Беларуская апазыцыя дзейнічае паводле «вэнэсуэльскага сцэнару»

Беларуская апазыцыя, дамагаючыся сыходу Аляксандра Лукашэнкі, дзейнічае паводле «вэнэсуэльскага сцэнару», заявіў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў, перадае РИА Новости.

«Перамовы зь цяперашнімі ўладамі яны прапануюць толькі з адной мэтай — абмеркаваць умовы сыходу прэзыдэнта Беларусі, прапануецца так далей прасоўваць свае праграмы. Гэта прыкладна так сама, як у Вэнэсуэле, калі легітымны прэзыдэнт аб'яўляецца выгнаньнікам», — сказаў Лаўроў на моладзевым форуме ў Маскоўскай вобласьці

16:01 23.8.2020

Сёньняшнія акцыі прыхільнікаў пераменаў сьцерлі прапагандысцкі эфэкт праўладных мітынгаў, – меркаваньне аглядальніка Свабоды Сяргея Навумчыка

Менск цяпер, каля плошчы Незалежнасьці
Менск цяпер, каля плошчы Незалежнасьці

Мітынгі ў падтрымку Лукашэнкі арганізоўваліся як адказ на масавыя пратэсты і павінны былі нівэляваць уражаньне ад іх як у насельніцтва Беларусі, гэтак і ў міжнароднай супольнасьці.

Яшчэ ўчора некаторыя назіральнікі меркавалі, што сёньняшняя акцыя зьбярэ ня больш 10-15 тысяч чалавек – і з прычыны эмацыйнай стомленасьці, і з-за страты навізны (акцыі адбываюцца кожны дзень вось ужо больш як тыдзень).

Аднак сёньняшняя пратэстная акцыя толькі ў Менску на гэты момант сабрала ня менш як 100 тысяч чалавек і фактычна сьцерла той прапагандысцкі эфэкт, якога дамагаліся ўлады ад арганізаваных акцый падтрымкі Лукашэнкі.

Вынікі супрацьстаяньня грамадзкасьці і Лукашэнкі прадказаць па-ранейшаму цяжка, але сёньня можна сьцьвярджаць, што вуліцы і плошчы Лукашэнка прайграў, – лічыць аглядальнік Радыё Свабода Сяргей Навумчык.

15:56 23.8.2020

Ужо 10 тысяч чалавек на мітынгу ў Горадні

Горадня. Калёна прыйшла на Савецкую плошчу. Усяго каля 10 тысяч чалавек. Людзі скандуюць. Працуе свабодны мікрафон. Выступаюць рабочыя прадпрыемстваў, якія бастуюць. Просяць іх падтрымаць. Работнік "Гроднапрамбуд" просіць падтрымаць іх на будоўлі анкацэнтру ў Пышках а 8 ранку.

На мітынгу за некалькі хвілін сабралі 3200 рублёў на апаратуру. Цяпер выступоўцы гавораць у гукаўзмацняльнік, многім не чуваць.

15:43 23.8.2020

Маштабы акцыі ў Менску на відэа ТАСС

У 15.30 карэспандэнт Свабоды ацаніў колькасьць пратэстоўцаў толькі на праспэкце Незалежнасьці ў дзясяткі тысяч чалавек, яны занялі праезную частку і тратуары праспэкту ад Кастрычніцкай плошчы, рухаюцца ў бок плошчы Незалежнасьці, дзе ля Дома ўраду ўжо сабралася больш за 10 тысяч чалавек. Плыні людзей ідуць сюды і зь іншых вуліцаў у цэнтры Менску. Пакуль ніякіх інцыдэнтаў не заўважана, у тым ліку ля будынкаў МУС і КДБ.

Людзі на плошчы Незалежнасьці кажуць, што «чакаюць ад Сьвяланы Ціханоўскай больш рашучых крокаў». Каб яна пачынала аддаваць каманды і каардынаваць людзей, каб яна наважылася на больш рашучыя палітычныя дзеяньні. На плошчу Незалежнасьці надалей ідуць людзі.

15:40 23.8.2020

Шматлюдная акцыя ў цэнтры Берасьця

15:27 23.8.2020

Вайскоўцы адгарадзілі стэлу «Менск — горад-герой» калючым дротам. ФОТА

Карэспандэнта парталу Tut.by затрымалі і неўзабаве адпусьцілі. На разьвітаньне прыгразілі, каб не вяртаўся, а то «затрымаюць надоўга».

Tut.by публікуе фота вайскоўцаў з аўтаматамі, якія стаяць ля стэлы.

Правам на затрыманьне, акрамя міліцыі ды іншых сілавых ведамстваў, у мірны час армія валодае пры рэжыме надзвычайнай сытуацыі, але такога ў Беларусі няма.

Раней міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін папярэдзіў пратэстоўцаў, што тыя будуць мець справу з арміяй.

Тыдзень таму ля стэлы сабраліся больш за 200 тысяч прыхільнікаў пераменаў. Ніякіх эксцэсаў ня здарылася.

15:23 23.8.2020

Менскія плошча Незалежнасьці і праспэкт Незалежнасьці з вышыні

15:22 23.8.2020

Лаўроў: Сытуацыя ў Беларусі пачынае нармалізавацца

Расейская Фэдэрацыя прыме любое рашэньне Беларусі аб зносінах са сваім народам, сказаў 23 жніўня кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў.

Пра гэта паведамляе ТАСС, адзначаючы, што паводле Лаўрова, сытуацыя ў Беларусі пачынае нармалізавацца, але ня ўсім гэта падабаецца.

Расея лічыць, дадаў Лаўроў, што дыялёг аб рэформе канстытуцыі зьяўляецца вельмі пэрспэктыўным для нармалізацыі сытуацыі ў Беларусі

15:05 23.8.2020

«Любіў жыцьцё і меў вялікія пляны». Жонка Мікіты Крыўцова ня верыць, што ён скончыў жыцьцё самагубствам

23 жніўня Алена Крыўцова падала ў Сьледчы камітэт заяву на завядзеньне крымінальнай справы па факце сьмерці мужа, бо не выключае ягонага выкраданьня і забойства. Алена Крыўцова, жонка знойдзенага пасьля зьнікненьня 26-гадовага Мікіты Крыўцова, ня верыць, што ён мог скончыць жыцьцё самагубствам.

Фанат футбольнай каманды «Маладэчна» Мікіта Крыўцоў зьнік 12 жніўня. Паводле сваякоў, раніцай гэтага дня ён паехаў на працу ў пасёлак Каралёў Стан пад Менскам. Цела Мікіты Крыўцова было знойдзена 22 жніўня ў лесапаласе ў межах Менску. Паводле паведамленьня Сьледчага камітэту, Мікіта Крыўцоў задушыўся, сьлядоў крымінальнага характару на целе не было. 23 жніўня знайшлося відэа, на якім Мікіта Крыўцоў стаіць перад шэрагам АМАПу зь бел-чырвона-белым сьцягам на плошчы ў Маладэчне. Відэа зьнялі ўвечары 9 жніўня.

З Аленай Крыўцовай пагутарыў журналіст Свабоды

15:01 23.8.2020

Вайскоўцы ў мірны час затрымалі журналіста

Вайскоўцы затрымалі карэспандэнта Tut.by у Менску, каля стэлы. Але празь некалькі хвілінаў вызвалілі і загадалі не вяртацца, іначай «затрымаюць канчаткова». У мірны час вайскоўцы ня маюць права на затрыманьне грамадзянаў, адзначае выданьне

14:59 23.8.2020

Гомель. Жанчыны з акцыі салідарнасьці казалі прыхільніцы ўлады, што «мы вас любім», а яна гучна крычала «вы малпы!»

14:59 23.8.2020

У Горадні на маршы новай Беларусі некалькі тысяч чалавек

14:58 23.8.2020

Мора людзей сьцякаецца на плошчу Незалежнасьці

На вуліцы Леніна каля вуліцы Кірава
На вуліцы Леніна каля вуліцы Кірава
Плошча Якуба Коласа
Плошча Якуба Коласа
Вуліца Маякоўскага
Вуліца Маякоўскага

14:51 23.8.2020

Гомель. Працягваецца шэсьце — усе пляцоўкі, дзе магчымы «стаячы» збор людзей, занятыя дзяржаўнымі выставамі і забавамі, батутамі і камбайнамі

14:32 23.8.2020

Перад Чырвоным касьцёлам правялі пэрформанс, ускладаюць кветкі каля партрэтаў забітых пад скульптурай каля касьцёла

14:30 23.8.2020

Горадня, Савецкая плошча, 23 жніўня

14:29 23.8.2020

Акцыя ў Гомлі

Гомель. Удзельнікі акцыі салідарнасьці стаялі ля ўнівэрмагу «Гомель» разам з прыхільнікамі ўлады. Паміж шэрагаў хадзіла міліцыя і папярэджвала, што «дзеяньні незаконныя», але папярэджаньні адрасавала толькі пратэстоўцам. «Чырвона-зялёныя» скандавалі «За Беларусь!», а «бел-чырвона-белыя» — «За Беларусь без Лукашэнкі!». Цяпер пачалося шэсьце пратэстоўцаў уздоўж вуліцы Савецкай. Калёну пратэстоўцаў суправаджае вайсковы грузавік пад чырвона-зялёнымі сьцягамі, зь якога гучна граюць савецкія песьні

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG