Лідэра гурту «Дай дарогу!» Юрыя Стыльскага вызвалілі з позвай у суд
Юры Стыльскі позна вечарам 22 жніўня выйшаў на свабоду. Пра гэта ён паведаміў у сваім Інстаграме.
«Сьмярджу ізалятарам, капец. 28-га суд, а так увогуле жывы, здаровы», — сказаў ён у сторыс.
Юрыя Стыльскага затрымалі ў Берасьці 20 жніўня і адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
За апошнія дні гэта было другое затрыманьне Стыльскага: першы раз быў 15 жніўня, калі ён удзельнічаў у акцыі прыхільнікаў перамен у Берасьці. 16 жніўня яго выпусьцілі. Стыльскі тады сказаў людзям, якія яго сустракалі, што яму далі 12 сутак адміністрацыйнага арышту.
Затрыманага ў Пскове сьледчага, які звольніўся з СК на знак пратэсту супраць гвалту, вывезьлі з Расеі
Пра гэта паведаміў адвакат Астаповіча Вячаслаў Галавін, піша «Северо-Запад. МБХ медиа».
Прычыну такіх дзеяньняў і месца, куды вывезьлі Астаповіча, адвакат не ўдакладніў.
«Яго затрымалі напярэдадні ў гасьцініцы «Рижская». Паводле маёй інфармацыі, яму будуць ставіць у віну адміністрацыйнае правапарушэньне па незаконным перасячэньні мяжы, што, хутчэй за ўсё, зьвязана з пандэміяй. Але ў рэальнасьці яны чакаюць дакумэнты зь Беларусі на экстрадыцыю. У Пскове ён быў з чацьвярга», — расказаў адвакат.
Дзеяньні сілавікоў могуць быць пададзеныя вонкавымі сіламі як генацыд, заявіў міністар абароны
Міністар абароны Віктар Хрэнін заявіў, што дзеяньні сілавога блёку «па стабілізацыі абстаноўкі» ў краіне могуць быць выкарыстаныя вонкавымі сіламі ў якасьці падставы для зьмены палітычнага курсу Беларусі сілавым шляхам.
Пра гэта ён сказаў 22 жніўня на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі ў Горадні, паведаміў Інтэрфакс.
«У сытуацыі, якая склалася, дзеяньні сілавога блёку Рэспублікі Беларусь па стабілізацыі абстаноўкі могуць быць пададзеныя як генацыд уласнага народу і скарыстаныя ў якасьці падставы для зьмены палітычнага курсу Рэспублікі Беларусь сілавым шляхам», — заявіў Хрэнін.
Калесьнікава: «Магчыма, выходзіць давядзецца дні, тыдні, а можа быць, месяцы»
Адзіная лідэрка аб’яднанага штабу Ціханоўскай, якая засталася ў Беларусі, Марыя Калесьнікава расказала расейскай службе Радыё Свабода, чаго чакае ад акцыі 23 жніўня.
«Усе акцыі, якія адбываюцца ў любы дзень, яны кардынальна мяняюць сытуацыю, у якой Беларусь знаходзіцца ўжо 26 гадоў. Мы з кожным разам бачым — нас усё больш і больш, і ўсё больш людзей перастаюць баяцца. Гэта наша самая важная перамога. Мы змагаемся з сваім страхам. Мы змагаемся з таталітарнай сыстэмай. На гэта спатрэбіцца вельмі шмат часу, магчыма, выходзіць давядзецца дні, тыдні, а можа быць, месяцы, але мы ня спынімся і не перастанем гэтага рабіць», — сказала Калесьнікава.
Яна ўпэўненая, што людзі гатовыя да таго, каб працягваць пратэст такі доўгі час.
«Пабудова грамадзкай супольнасьці не адбываецца аднамомантна. І тое, што мы цяпер назіралі апошнія месяцы — гэта якраз былі першыя крокі да таго, каб грамадзкая супольнасьць у Беларусі ўзьнікла. І цяпер, вядома, адзін з самых такіх напружаных і важных момантаў, калі вы ўсьведамляеце сваю ўласную сілу, калі мы разумеем, як нас шмат, калі мы гатовыя адзін аднаго падтрымліваць і дапамагаць. Вядома, гэта працяглы пэрыяд», — лічыць Калесьнікава.
NATO назвала заявы Лукашэнкі пра вонкавую пагрозу беспадстаўнымі
Заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што NATO перасоўвае войскі каля мяжы Беларусі беспадстаўныя. Пра гэта вечарам у суботу, 22 жніўня, заявіла прэсавая сакратарка альянсу Аана Люнджэску.
«Як мы ўжо раней далі зразумець, NATO не нясе ніякай пагрозы для Беларусі альбо якой-кольвек іншай краіны», — сказала Люнджэску на прэсавай канфэрэнцыі ў Брусэлі, перадае «Нямецкая хваля» з спасылкай на AFP.