Афіцыйны прадстаўнік Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Ліз Трасэль нагадала афіцыйнаму Менску пра абсалютную забарону катаваньняў і заклікала да незалежнага расьсьледаваньня.
«Мы нагадваем уладам Беларусі пра абсалютную забарону катаваньняў і паўтараем заклік, зроблены на мінулым тыдні Вярхоўным камісарам, да неадкладнага дбайнага незалежнага і бесстароньняга расьсьледаваньня ўсіх сьцьвярджэньняў аб парушэньнях правоў чалавека. У іх лік уваходзіць гібель чатырох чалавек у выніку траўмаў, атрыманых падчас акцый пратэсту», — гаворыцца ў заяве.
У Беларусі афіцыйна пацьверджаная сьмерць падчас пратэстаў двух чалавек, яшчэ адзін памёр праз суткі пасьля затрыманьня. Праваабаронцы паведамлялі аб пяці загінулых.
«Працягваюць зьяўляцца паведамленьні аб шырокамаштабных катаваньнях і жорсткім абыходжаньні з затрыманымі, у тым ліку з журналістамі, і асабліва зь дзецьмі, што выклікае трывогу. Мы занепакоеныя тым, што, як паведамляецца, на сёньняшні дзень не было зроблена ніякіх дзеяньняў па расьсьледаваньні гэтых паведамленьняў, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці», – гаворыцца ў заяве.
Ліз Трасэль таксама заклікала беларускія ўлады перагледзець сваю пазыцыю па супрацоўніцтве з адмысловым дакладчыкам ААН па Беларусі.