Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бараўлянах рыхтуюць зварот за адкліканьне мясцовага дэпутата. А міліцыянту крычалі «Mаладзец!». ФОТА, ВІДЭА


Акцыя пратэсту ў Бараўлянах
Акцыя пратэсту ў Бараўлянах

Паўтысячы чалавек сабраліся на сход у Бараўлянах перад будынкам сельсавету. У Бараўлянах на 22 выбарчых участках афіцыйна перамагла Ціханоўская.

Сёньня жыхары заклікалі ўлады сельсавету прыйсьці на сустрэчу і выступілі з патрабаваньнямі спыненьня міліцэйскага гвалту, правядзеньня новых сумленных выбараў, адстаўкі прэзыдэнта і забесьпячэньня працы органаў мясцовага самакіраваньня.

Намесьнік старшыні сельсавету Сяргей Кандрашын заявіў, што выбары адбыліся, што затрыманьняў на тэрыторыі сельсавету не было, але зазначыў, што патрэбнае расьсьледаваньне фактаў гвалту. Далей ён пачаў казаць пра мясцовыя праблемы, людзі з гэтым не пагадзіліся, і ён сышоў пад словы «Ганьба».

Акцыя ў Бараўлянах 20 жніўня
Акцыя ў Бараўлянах 20 жніўня

Выступіў начальнік Бараўлянскага РАУС Валер Салаўёў. Яго людзі віталі воклічам «Маладзец!». Ён сказаў, што на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавету не было інцыдэнтаў і затрыманьняў. Адзін з прысутных, які быў назіральнікам на ўчастку № 6, заўважыў, што калі назіральнікі зафіксавалі на ўчастку ўкід 390 бюлетэняў, то выклікалі міліцыю, але міліцыя не прыехала.

Валер Салаўёў
Валер Салаўёў

«Наша пазыцыя ў тым, што на гэтай зямлі павінен быць мір і парадак», — казаў Салаўёў.

Людзі спыталі: «А закон?» На гэта міліцыянт прамаўчаў. Людзей абурыў выклік у пракуратуру за паўгадзіны да сустрэчы мясцовай каардынатаркі ініцыятывы «Честные люди» Вольгі Бялянцавай. Валер Салаўёў запэўніў, што яна вернецца. Людзі адказалі, што калі зь ёй нешта здарыцца, то яны будуць выступаць у яе падтрымку.

Абмеркавалі мясцовае самакіраваньне. Вырашылі, што будуць ствараць органы на месцах і падаваць ад іх свае патрабаваньні ў сельсавет.

Прысутныя абурыліся тым, што на сустрэчы няма мясцовай дэпутаткі Валянціны Курсевіч. Яна цяпер у адпачынку. На сходзе людзі вырашылі зьбіраць подпісы за яе адкліканьне. Ужо ў гэты момант пішуць адпаведны зварот для агульнага падпісаньня.

Людзі мяркуюць, што ў іхнай мясцовасьці выбарчыя камісіі працавалі сумленна, бо шмат у якіх камісіях былі мэдыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG