У 10 гарадах Украіны, дзе мясцовыя рады ачольваюць прадстаўнікі партыі «Свабода», адбыліся акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю пад назвай «За вашу і нашу свабоду».
У некаторых гарадах бел-чырвона-белыя сьцягі былі ўзьнятыя як афіцыйныя на мачты каля будынкаў гарадзкіх радаў побач зь дзяржаўным украінскім сьцягам і сьцягам гораду.
«Мы бачым, што ў Беларусі пачала фармавацца нацыя, якая змагаецца за сваю будучыню. Гэтая акцыя — знак салідарнасьці зь беларускім народам, а не з кіраўніцтвам краіны. Мы за тое, каб беларускі народ самастойна вызначаў свой лёс. За тое, каб не было крыві і адбыліся датэрміновыя выбары, каб беларусы маглі сапраўды самастойна вызначыцца», — сказаў намесьнік мэра Хмяльніцкага Ўладзімір Ганчарук.
У Івана-Франкоўску акцыя прайшла ля будынку мэрыі.
«Сёньня ўся Ўкраіна падтрымлівае беларусаў у барацьбе за свабоду! Акцыя „За нашу і вашу свабоду“ праходзіць ля абласных дзяржаўных адміністрацыяў нашай краіны. Гэты лёзунг калісьці аб’ядноўваў вызваленчы рух 1940–50-х гадоў, калі змагаліся літоўская, беларуская і ўкраінская паўстанцкія арміі. Сёньня, зноў аб’яднаныя гэтым лёзунгам, мы падтрымліваем народ Беларусі ў фундамэнтальным праве кожнага народу — праве выбару ўлады», — заявіў мэр Івана-Франкоўску Руслан Марцынкаў.
Гістарычны беларускі сьцяг ад сёньня лунае і на будынку мэрыі гораду Канатопу Сумскай вобласьці.
«Выканаўчы камітэт Канатопскай гарадзкой рады выказвае салідарнасьць і падтрымку выканкаму Горадні, які перайшоў на бок беларускай нацыі. Спадзяёмся, што беларусы зробяць правільныя акцэнты ў гэтай рэвалюцыі і ня зробяць нашых памылак. Мы з вамі, браты», — заявіў мэр Канатопу Арцём Семяніхін.
Акцыі салідарнасьці праходзяць і ў невялікіх гарадах — у Косіве (Івана-Франкоўская вобласьць), у Дублянах (Львоўская вобласьць), у Раве-Рускай (Львоўская вобласьць), у Манастырыску (Цярнопальская вобласьць), у Шапятоўцы (Хмяльніцкая вобласьць) і ў Берасьцечку Валынскай вобласьці.