Павал Латушка, які пасьля звальненьня з пасады дырэктара Купалаўскага тэатру, увайшоў у Каардынацыйную раду па трансфэры ўлады, паведаміў Свабодзе, што ягоны дом сёньня ўначы запэцкалі чырвонай фарбай.
Яго самога дома не было. Фота запэцканага будынку і гаражу яму пераслалі сябры. Сам Латушка цяпер пад аховай. У ягоны адрас паступаюць пагрозы.
Напярэдадні ў інтэрвію BBC ён сказаў, што ягоная сямʼя зьехала за мяжу пасьля таго, як ён адкрыта падтрымаў пратэст супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту.
У інтэрвію tut.by 20 жніўня Павал Латушка распавёў:
— Я ўжо некалькі дзён не начую дома. Мая мама, якая часова жыла разам са мной, выехала за межы Беларусі. У мяне такіх плянаў няма, хоць толькі за ўчарашні дзень я атрымаў некалькі пагроз і прапаноў неадкладна пакінуць Беларусь. Мяне «папярэджвалі» аб прынятым рашэнні: затрымаць мяне ў жорсткай форме з прымяненнем максімальнага гвалту. Мне прапаноўвалі нават чартарны рэйс, каб выехаць у адну з краін, а таксама дыпляматычную машыну, каб я неадкладна пакінуў Беларусь і не далучаўся да працы Каардынацыйнай рады...
Пра запэцканы фарбай дом Павал Латушка сказаў:
— Сябры адносна нядаўна пераслалі мне гэтыя фотаздымкі. Я вывучаю іх як юрыст, аналізую і думаю, як гэта зрабіць. Мне няма часу асабіста пад’ехаць і падаць гэтую заяву. Юрыдычна трэба рэагаваць, хоць я разумею, што гэты захады могуць быць марнымі. На жаль, мы пабудавалі такую краіну, дзе праваахоўчыя органы не бароняць правоў і інтарэсаў нашых грамадзян, а робяць усё, каб стварыць атмасфэру страху, каб мы баяліся выказаць свой пункт гледжання. Калі праваахоўчыя органы бяруць пад кантроль галоўныя інстытуты нашай краіны.
Пра сытуацыю ў краіне і блякаваньне сілавікамі тэатру імя Янкі Купалы Павал Латушка сказаў:
— Людзі, пачынайце людзьмі звацца, а не проста пешкамі, шэрымі асобамі, якія кажуць тое, што ім сказалі сказаць. Дзе вашае сумленьне? Калі ласка, я прашу, я ніколі нікому не пагражаю. Бо мы — беларусы, талерантыя людзі. Мы павінны шукаць выйсце праз дыялог, а не праз сілу. Гэта беспрэцэдэнтныя захады, каб заблякаваць дзейнасьць галоўнага [культурнага] інстытута краіны. Дзе ў Эўропе такое было магчыма?
У сераду Павал Латушка расказаў, што чальцы Каардынацыйнай рады тэлефанавалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, каб паведаміць пра свае мэты і задачы, але адказу не пачулі.
Павал Латушка быў міністрам культуры і амбасадарам Беларусі ў Францыі. Апошнім часам ён кіраваў Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы. Яго звольнілі з пасады пасьля таго, як ён выказаўся супраць міліцэйскага гвалту і фальсыфікацыі выбараў