Расейскаму палітыку Аляксею Навальнаму стала дрэнна ў самалёце на рэйсе з Томску ў Маскву. Самалёт экстрана сеў у Омску, хуткая дапамога адвезла Навальнага ў шпіталь з атручэньнем, паведаміла ў Твітэры ягоная прэс-сакратарка Кіра Ярмыш.
«Сёньня раніцай Навальны вяртаўся ў Маскву з Томску. У палёце яму стала дрэнна. Самалёт экстрана сеў у Омску. У Аляксея таксычнае атручэньне. Цяпер мы на хуткай едзем у шпіталь», — напісала Ярмыш раніцай 20 жніўня.
Пазьней яна дадала, што палітыка, падобна, атруцілі чымсьці, падмяшаным у гарбату. «Гэта было адзінае, што ён піў з раніцы. Лекары кажуць, што таксін хутчэй усмактаўся праз гарачую вадкасьць. Цяпер Аляксей непрытомны», — паведаміла Ярмыш. Навальнага памясьцілі ў рэанімацыю.
Выданьне «НГС.Омск» паведаміла, што ў шпіталі Аляксей Навальны прыйшоў у прытомнасьць, але «зь цяжкасьцю размаўляе і перасоўваецца». Кіра Ярмыш жа сказала, што Навальны па-ранейшаму непрытомны і падключаны да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.