Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла 19 жніўня, што спрабавала безвынікова арганізаваць тэлефонную размову з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
«Я асабіста спрабавала арганізаваць тэлефонную размову з прэзыдэнтам Лукашэнкам, на жаль, яна не адбыўся. Таксама я прасіла тэлефонную размову з прэзыдэнтам Пуціным, размова, як вы ведаеце, адбылася», — сказала Мэркель на брыфінгу па выніках онлайн-сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін Эўразьвязу, прысьвечанай падзеям у Беларусі.
Мэркель дадала, што ў такім выпадку яна ня можа быць пасярэднікам у дыялёгу зь Беларусьсю.
«Пасярэднічаць можна толькі калі знаходзісься ў кантакце з усімі бакамі, але мы зробім усё з нашага боку для прасоўваньня нацыянальнага дыялёгу (у Беларусі. — РС)» — адзначыла Меркель на згаданым брыфінгу.
Тым часам прэс-сакратар Лукашэнкі Наталя Эйсмант сказала на тэлеканале «Россия 1», што Лукашэнка папрасіў Пуціна перадаць Мэркель, каб яна ня ўмешвалася ва ўнутраныя справы Беларусі.
Факт, што Лукашэнка адмовіўся пагаварыць па тэлефоне з Мэркель, Эйсмант патлумачыла так:
«Прэзыдэнт Беларусі на дадзеным этапе проста ня бачыць неабходнасьці ў гэтай гутарцы. Якім можа быць ад яе эфэкт? Хутчэй за ўсё, адмоўны. Бо на сёньняшні дзень галоўнае, чаго мы хочам — гэта каб Захад не падтрымліваў тых, хто дэстабілізуе сытуацыю ў Беларусі».
Выступаючы на Менскім заводзе колавых цягачоў 17 жніўня, Лукашэнка сказаў: «Ужо ўчора тэлефануе Мэркель: „Я хачу пагаварыць“. Гэтыя — Наўседа там і іншыя. „Мы хочам пагаварыць“. Ня трэба мяне нахіляць ні з Захаду, ні з Усходу».