Падпісанты адкрытага звароту абураныя і расчараваныя тым, што цяпер адбываецца ў сыстэме аховы здароўя краіны. Яны крытыкуюць міністра за адсутнасьць дыялёгу і ініцыятыву ў дапамозе пацярпелым падчас пратэстаў.
Лекары патрабуюць забясьпечыць допуск спэцыялістаў у месцы зьняволеньня і не перашкаджаць кантактам дактароў з прэсай.
«Міністэрства аховы здароўя павінна арганізаваць цэнтралізаваны збор інфармацыі аб пацярпелых падчас мірных акцый і штодня інфармаваць грамадзкасьць аб колькасьці і стане здароўя пацярпелых, якія знаходзяцца ў стацыянарах, штодня прадастаўляць інфармацыю аб колькасьці тых, хто зьвярнуўся па амбуляторную дапамогу з нагоды траўмаў, атрыманых падчас мірных пратэстаў, бесьперашкодна прадстаўляць інфармацыю ўсім журналістам».
Яны тлумачаць, што ня маюць этычнага права на забастоўку і таму заклікаюць Міністэрства аховы здароўя даказаць, што лекары не бясьсільныя і спыніць насільле.
У лісьце гаворыцца, што многія пацыенты, якія ўдзельнічалі ў мірных акцыях пратэсту, траплялі ў мэдустановы з кулявымі раненьнямі рознай лякалізацыі, у тым ліку пранікальнымі, з пашкоджаньнем унутраных органаў, міна-выбуховымі траўмамі, у тым ліку з пашкоджаньнем галаўнога мозгу, траўматычнай ампутацыяй канцавінаў, шырокімі дэфэктамі мяккіх тканін.