Жыхары Першамайскага раёну Менску падпісалі калектыўны ліст, каб дамовіцца пра сустрэчу з начальнікамі мясцовых РУУС і РАСК.
Былы сьледчы Першамайскага раённага аддзелу Сьледчага камітэту Аляксандар Шагаў раней заявіў, што мэта сустрэчы — дамагчыся расьсьледаваньня жорсткага зьбіцьця супрацоўнікамі АМАПу іх суседзяў проста ў пад’езьдзе дому.
Праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведамілі, што Шагаў каля 14-й гадзіны пайшоў адносіць калектыўны зварот у РУУС. У будынак міліцыі ён зайшоў, але так і не вярнуўся.
Увечары каля 100 чалавек з групы падтрымкі працягваюць чакаць яго каля ўваходу, тэлефон былога сьледчага недаступны.
На нейкі час заяўнікі блякавалі ўпраўленьне, міліцыянты не маглі трапіць у будынак і адтуль выйсьці.