Праўладны мітынг у Гомлі. Крыкі «За „бацьку“», «шчанюкі і гейшы» — у бок апанэнтаў улады
Падчас праўладнага мітынгу ў Гомлі на плошчы Леніна чыталі вершы «За „бацьку“» і скандавалі «За Беларусь!», «„Бацька“, Радзіма, Беларусь!», «„Батька“, вперёд, с тобой народ!».
Выступоўцы на мітынгу кажуць:
- «Мы выйшлі на вуліцы, каб абараніць нашы галасы, а яны кажуць, што ў іх мірныя пратэсты, але хіба мірныя пратэсты праходзяць па начах?»
- «Добра, што „бацька“ не абвясьціў карантын, дзякуй яму, бо каранавірус пашкодзіў мозг усяму сьвету, і праз гэта пачалося цкаваньне нашага „бацькі“».
- «У мяне дзьве дачкі, і я сказала мужу: „Калі „бацька“ пераможа, я нараджу сына“».
- «Мы бачылі на свае вочы мэтадычкі заходніх куратараў, якім не па душы мір у нашай краіне».
- «Я зьвяртаюся да тых, хто сёньня пратэстуе: вярніцеся дахаты, супакойцеся, астыньце і дашліце свае прапановы прэзыдэнту».
- «Я сам з Украіны, перажыў два Майданы, і ў вас цяпер Майдан. Але ваш прэзыдэнт вам ня здрадзіў, ён сапраўдны правадыр, вы павінны абараняць яго».
- «Наш „бацька“ — самы галоўны чалавек, і мы павінны падтрымліваць яго».
Пратэстоўцы ў Кіраўску. Фатафакт
Мітынг на плошчы Незалежнасьці ў Менску прайшоў мірна
Сёньняшні мітынг на плошчы Незалежнасьці ў Менску сабраў каля 10 000 чалавек, паведамляе Tut.by. Акцыя прайшла мірна.
А 21-ай гадзіне людзі пачалі паціху разыходзіцца з плошчы Незалежнасьці, скандуючы: «Мы прыйшлі бясплатна». Каля 22-ой на плошчу прыйшлі чатыры сілавікі і праз мэгафон заклікалі пратэстоўцаў пакінуць за сабой парадак. Людзі ў адказ папрасілі іх пакінуць за сабой парадак, калі тыя будуць пакідаць краіну. Пратэстоўцы разышліся, скандуючы: «Кожны дзень!», «Трыбунал!», «Да канца!»
«Наслухаўшыся пра зьверствы сілавікоў, я магу паверыць у самае страшнае». Што кажуць сваякі зьніклых
На сэрвісе пошуку людзей, створаным парталам tut.by 14 жніўня, спачатку ў сьпісе былі 74 чалавекі. 18 жніўня МУС паведаміла, што шукаюць 30 чалавек. Свабода сабрала гісторыі, расказаныя сваякамі зьніклых. Чытайце матэрыял па спасылцы.
Гатэль у Нясьвіскім замку прапанаваў бясплатныя нумары пацярпелым у пратэстах
Гатэль «Палац» (PalaceHotel), які месьціцца ў Нясьвіскім замку, гатовы бясплатна разьмясьціць усіх, хто пацярпеў падчас акцый пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку дырэктар па разьвіцьці PalaceHotel Ягор Захарка.
Паводле яго, адпачыць у гатэлі змогуць пацярпелыя падчас разгонаў акцый пратэсту з 9 па 11 жніўня, усе тыя, хто адседзеў «суткі» ці атрымаў штрафы, а таксама рабочыя, якія страйкуюць, супрацоўнікі арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству інфармацыі, і ўсіх сілавых ведамстваў, якія напісалі заявы ці рапарты на звальненьне. Прапанова дзейнічае бестэрмінова.
Звыш сотні спартоўцаў і трэнэраў запатрабавалі правесьці новыя выбары. Калі на іх будуць ціснуць — пагражаюць адмовіцца ад выступаў за зборную
Адкрыты ліст апублікаваў «Прессбол». Спартоўцы і работнікі спартовай галіны патрабуюць правесьці паўторныя выбары прэзыдэнта Беларусі ў адпаведнасьці з усімі міжнароднымі стандартамі, а таксама адстаўкі дзейнага складу ЦВК з прыцягненьнем да прадугледжанай заканадаўствам адказнасьці.
Сярод патрабаваньняў: вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных, выявіць і пакараць вінаватых у зьбіцьці і катаваньнях.
У выпадку ціску, пагроз звальненьня або парушэньнях правоў прадстаўнікоў спорту, якія падпісаліся пад лістом, усе спартоўцы будуць дзейнічаць салідарна, аж да магчымай адмовы ад выступу за нацыянальную зборную краіны або адмовы ад арганізацыі міжнародных і нацыянальных спартыўных мерапрыемстваў.
Нацыянальны страйкавы камітэт выдзеліць па 100 тысяч даляраў тром заводам
Нацыянальны страйкавы камітэт выдзеліць дапамогу тром прадпрыемствам, супрацоўнікі якіх цяпер бастуюць: МТЗ, МЗКЦ і «Гродна Азоту». Кожны з заводаў атрымае па 100 тысяч даляраў.
Пра гэта паведаміў у Facebook адзін з заснавальнікаў Фонду салідарнасьці Андрэй Стрыжак, які ўваходзіць у склад камітэту. Кіраўнікам іншых арганізаваных заводзкіх страйкамаў ён прапануе зьвяртацца па дапамогу праз тэлефон +375445100511 — «для атрыманьня салідарнай дапамогі ад народу Беларусі».
У Радзе бясьпекі ААН абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі з ініцыятывы ЗША і Эстоніі
На пасяджэньні Рады кіраўнік МЗС Эстоніі Урмас Рэйнсалу выказаў глыбокую заклапочанасьць празьмерным ужываньнем сілы ўладамі Беларусі ў дачыненьні да мірных маніфэстантаў. «Рада бясьпекі ААН абавязаная прадухіляць гвалтоўныя канфлікты. Таму раньняе папярэджаньне і ўзмацненьне інфармаванасьці зьяўляецца нашым абавязкам», — сказаў кіраўнік МЗС Эстоніі.
Паводле яго, у Беларусі «вынікі выбараў сфальсыфікаваныя, незалежных назіральнікаў на іх не было. Мы бачылі ў шэрагу дзяржаў сьвету, што адбываецца, калі свабодныя выбары правальваюцца і не прымаецца пад увагу апраўданая незадаволенасьць людзей». Рэйнсалу адзначыў, што «любое зьнешняе ўмяшаньне ў Беларусі пагражае міру і бясьпецы як у самой Беларусі, так і шырэй, у рэгіёне»
Цапкала лічыць, што Захад павінен прызнаць Ціханоўскую легітымным лідэрам
Былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Валер Цапкала лічыць, што Захад павінен прызнаць Сьвятлану Ціханоўскую «легітымным лідэрам».
«Наша бачаньне палягае ў тым, што заходнія краіны не павінны прызнаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Ім варта прызнаць Сьвятлану Ціханоўскую адзіным легітымным лідэрам», — сказаў ён у аўторак падчас відэаканфэрэнцыі Вашынгтонскага цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў.
На пытаньне пра магчымую рэакцыю Расеі на зьнешняе ўмяшаньне ў справы Беларусі Цапкала адзначыў, што «ў Масквы ёсьць геапалітычныя інтарэсы, і яна ня хоча таго, каб войскі NATO зьявіліся каля Смаленску».
У Менску прызямліўся самалёт ФСБ Расеі, якім меркавана карыстаецца ягоны дырэктар
Самалёт Ту-214ВПУ спэцыяльнага лётнага атраду «Расея» прыбыў увечары 18 жніўня з Масквы ў Менск, згодна з дадзенымі парталу Flightradar, піша «Новая газета». Як паведамляла ў 2013 годзе выданьне «Бизнес-online» са спасылкай на гендырэктара Казанскага авіяцыйнага заводу, гэты самалёт быў пабудаваны спэцыяльна для Фэдэральнай службы бясьпекі.
Дадзеныя з адкрытых крыніц сьведчаць, што на Ту-214ВПУ RA-64523 можа ажыцьцяўляць пералёты дырэктар расейскай спэцслужбы Аляксандар Бортнікаў. Так, напрыклад, у лютым 2015 году агенцтва РИА Новости паведамляла пра візыт Бортнікава ў Вашынгтон, тады ж у сталіцы ЗША прызямліўся згаданы борт.
На мітынгу ў Горадні заклікалі прадпрыемствы баставаць і назвалі колькасьць затрыманых
Дырэктар горадзенскага стадыёну «Нёман» Віктар Шумель, якога гарадзенцы ўжо празвалі «новым мэрам», на мітынгу 18 жніўня заявіў, што буйным прадпрыемствам «Гродна Азот», «Хімвалакно», «Гроднажылбуд» выдзеляць па 100 тысяч даляраў з фонду беларускай салідарнасьці на забастоўку. Ён заклікаў работнікаў баставаць.
Прадпрымальнік Васіль Яварчук пераказаў інфармацыю ад горадзенскай міліцыі, што падчас мірных акцый у Горадні затрымалі 777 чалавек. За кратамі застаюцца Дзьмітры Ціт і Сяргей Рымша, на якіх заведзеныя крымінальныя справы.
Па інфармацыі міліцыі, з 9 па 12 жніўня ў Горадні 162 чалавек адпусьцілі пасьля гутаркі, 18 затрыманых былі непаўналетнія, трох забрала «хуткая дапамога», 42-м вынесьлі папярэджаньне, 334 атрымалі штраф, 178 — адміністрацыйны арышт, яшчэ 40 спраў у судзе. Рэпартаж з горадзенскага мітынгу цалкам па спасылцы.
Горадзенскі гарвыканкам адказаў на патрабаваньні дэманстрантаў:
- Мітынгаваць цяпер можна на цэнтральных плошчах Горадні. Улады будуць дапамагаць з тэхнічным забесьпячэньнем.
- Міліцыя просіць прабачэньня ў затрыманых за ўдзел у пратэстах і кажа, што ўсе яны вызваленыя (аднак публічных выбачэньняў не было, а за кратамі застаюцца Дзьмітры Ціт і Сяргей Рымша).
- Апазыцыі дадуць тэлеэфір.
- Абяцаюць не караць удзельнікаў забастоўкі. Але работнікі розных прадпрыемстваў па-ранейшаму скардзяцца на ціск з боку кіраўніцтва за жаданьне баставаць.
Швэцыя замарожвае дапамогу дзяржаўным суб'ектам у Беларусі
Урад Швэцыі вырашыў замарозіць частку дапамогі Беларусі, якая ідзе на праекты, дзе дзяржаўныя субʼекты займаюць актыўную ролю. Пра гэта міністар дапамогі разьвіцьцю Пітэр Эрыксан напісаў у сваім Твітэры.
«Дапамога Швэцыі Беларусі ў асноўным была накіраваная грамадзянскай супольнасьці краіны, тым, хто цяпер знаходзіцца на вуліцы і патрабуе зьмен. Зараз мы замарожваем меншую частку, якая ішла на праекты, у якіх бралі ўдзел дзяржаўныя субʼекты». – патлумачыў міністар. Паводле яго, гэта «важны сыгнал» для рэжыму.
Мастачка зрабіла ляльку Ціханоўскай, каб прыцянуць увагу да падзеяў у Беларусі
Беларуская мастачка Яна Цярэнцьева працуе ў ЗША пад псэўданімам Rafael Nuri. Пасьля апошніх падзеяў у Беларусі яна зрабіла ляльку Сьвятланы Ціханоўскай, якую называе «сымбалем нашай свабоды».
Вось як Яна Цярэнцьева патлумачыла гэта Радыё Свабода: «У маёй краіне адбыліся страшныя падзеі, і я не магла застацца ўбаку. У Беларусі апошнія 26 гадоў ва ўладзе знаходзіцца адзін чалавек, ён лічыць нашу краіну сваёй уласнасьцю, а грамадзян Рэспублікі Беларусь сваімі рабамі. Восем дзён таму ў Беларусі адбыліся сфальсыфікаваныя выбары, а пасьля гэтага на мірнай акцыі пратэсту былі затрыманыя і зьбітыя тысячы людзей.(...)Як мастак я вырашыла выказаць свой боль у сваім мастацтве». Гурарку з мастачкай чытайце па спасылцы.
Дзяржсакратар ЗША абмеркаваў сытуацыю ў Беларусі зь міністрам замежных спраў Нямеччыны
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо абмеркаваў сытуацыю ў Беларусі ў тэлефоннай размове зь міністрам замежных спраў Нямеччыны Гайка Маасам. Пра гэта паведаміў Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША. Падрабязнасьці размовы не публікуюцца.
Вызвалілі валянтэра штабу Бабарыкі
Позна ўвечары 18 жніўня быў вызвалены з пад варты (СІЗА-1 у Менску) без прад'яўленьня абвінавачваньня Арцём Панасюк, валянтэр штабу Віктара Бабарыкі. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку адвакат Зьміцер Лаеўскі.
Панасюка затрымалі 12 жніўня разам зь яшчэ чатырма валянтэрамі Бабарыкі па падазрэньні ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў.
Лукашэнка прывёў войскі ў баявую гатоўнасьць, «Беларуськалій» цалкам спыніў працу. Найважнейшае за 18 жніўня
Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца 44 арыштаваныя за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, паведаміла прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава. Паводле зьвестак парталу Tut.by, 58 чалавек дагэтуль ня могуць знайсьці.
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускае войска на заходняй межы прыведзенае ў поўную баявую гатоўнасьць. Паводле яго, прысутнічае скаардынаваная зьнешняя пагроза ў дачыненьні да Беларусі.
Сёньня ў Менску прайшло першае пасяджэньне Каардынацыйнай рады Сьвятланы Ціханоўскай.
Аляксандар Лукашэнка назваў каардынацыйную раду Ціханоўскай спробаю захопу ўлады «з усімі наступствамі, якія вынікаюць». Ён заявіў, што ў раду ўвайшлі «былыя прыкарытнікі», «пакрыўджаныя», «адкрыта адвязаныя нацысты».
Два буйныя прамысловыя прадпрыемствы Беларусі цалкам спынілі працу. Гэта салігорскі «Беларуськалій» і жлобінскі Беларускі мэталюргічны завод (БМЗ). Пазьней на БМЗ працу часткова аднавілі. На МАЗе, МТЗ, МЗКЦ і іншых працу прыпыніла частка супрацоўнікаў.
Старшыня Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук заклікаў стварыць Нацыянальны страйкавы камітэт (НСК). І ад яго імя ўступіць у дыялёг наўпрост з уладнымі структурамі пра транзыт улады ў краіне.
У Магілёве і Гомлі прайшлі мітынгі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.
Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб узнагароджаньні» за «ўзорнае выкананьне службовых абавязкаў». Ва ўказе на 25 старонках пералічваюцца сілавікі з рознымі функцыямі: ад выкладчыкаў Акадэміі МУС і сьледчых да кіроўцаў аўтазакаў і байцоў АМАП.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сёньня абмеркаваў беларускае пытаньне з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Ён папярэдзіў суразмоўцаў наконт недапушчальнасьці ўмяшаньня ва ўнутраны канфлікт у Беларусі. Канцлер Мэркель выказала меркаваньне аб неабходнасьці спыніць перасьлед мірных маніфэстантаў і распачаць дыялёг паміж уладай і грамадзкасьцю.
Вашынгтон у зручны момант будзе весьці дыялёг з Масквой наконт падзей у Беларусі, заявіў сёньня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Пры гэтым ён адзначыў, што ў Беларусі, «здаецца, ня вельмі шмат дэмакратыі». Таксама ён падкрэсьліў, што акцыі пратэсту ў Беларусі праходзяць мірна.
Горадзенскія ўлады задаволілі патрабаваньні дэманстрантаў, але два чалавекі застаюцца за кратамі
1. Мітынгаваць цяпер можна на цэнтральных плошчах Горадні. Улады будуць дапамагаць з тэхнічным забесьпячэньнем.
2. Міліцыя просіць прабачэньня ў затрыманых за ўдзел у пратэстах і кажа, што ўсе яны вызваленыя. Аднак за кратамі застаюцца Дзьмітры Ціт і Сяргей Рымша, на якіх заведзеныя крымінальныя справы. Крымінальны перасьлед у іх дачыненьні ўлады 17 жніўня абяцалі спыніць, аднак яны яшчэ ў зьняволеньні.
3. Апазыцыі дадуць тэлеэфір.
4. Абяцаюць не караць удзельнікаў забастоўкі. Але работнікі розных прадпрыемстваў па-ранейшаму скардзяцца на ціск з боку кіраўніцтва за жаданьне баставаць.