Журналіст, вядучы, мэдыяэкспэрт Сяргей Дарафееў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку да Івана Эйсманта і Марата Маркава, кіраўнікоў БТ і АНТ.
«Упэўнены і ў тым, што на вас, Марат і Іван, цяпер глядзяць калегі. Вы добра ведаеце, што ўся вэртыкаль кіраваньня, у тым ліку на беларускай тэлевізіі, пабудаваная праз позірк угору...», — піша Дарафееў.
Сяргей Дарафееў, які шмат гадоў працаваў на АНТ і быў звольнены пасьля 19 сьнежня 2010 году, калі ў ноч пасьля прэзыдэнцкіх выбараў задаў у жывым эфіры некалькі непрыемных пытаньняў Лідзіі Ярмошынай, зьвярнуўся да кіраўнікоў дзяржаўных тэлеканалаў «як адзін з тысяч беларускіх журналістаў і проста як глядач».
«Выйдзіце на прыступкі да сваіх калег і гледачоў. Пачніце гаварыць! Проста гаварыць! Вы ведаеце мяне, мае прынцыпы ў прафэсіі і погляды.... Толькі нэўтральная аб’ектыўная журналістыка здольная выратаваць ня толькі беларускія мэдыя, але ў гэтыя дні і незалежнасьць нашай краіны. Я не заклікаю парушаць закон, я прашу вас яго выконваць».
Сяргей Дарафееў спасылаецца на 33 артыкул Канстытуцыі: «Кожнаму гарантуецца свабода думак, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне... Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай... а таксама цэнзура, не дапускаюцца».
«Практычна ўсе гады сваёй працы на беларускім ТБ я чуў у свой адрас ад розных кіраўнікоў: „Што ты думаеш, звольнім — і заўтра ўсё пра цябе забудуць, незаменных няма“. Няўжо нехта яшчэ не зразумеў: гэты саўковы падыход забівае ня нас, якія будуць размаўляць і якія думаюць, ён канчаткова забівае айчыннае ТВ і рэпутацыю такіх кіраўнікоў, — лічыць Дарафееў і заклікае: — Іван і Марат, на прыступках вашы калегі, вашы гледачы. Так, такія розныя... Але яны цяпер стаяць на тых самых прыступках, па якіх вы падымаліся ў сваёй прафэсіі. Выходзьце і гаварыце! Што менавіта сказаць, кожны вырашыць сам».