Штаб Сьвятланы Ціханоўскай распаўсюдзіў заяву пра былых супрацоўнікаў сілавых структураў, страйкоўцаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў:
У адказ на карныя акцыі рэжыму былога прэзыдэнта А. Лукашэнкі ў Беларусі пашыраецца страйкавы рух, удзельнікам якога пагражаюць звальненьнем, што парушае базавае права кожнага грамадзяніна на выказваньне мірнага пратэсту, у тым ліку і з дапамогай страйку.
Сотні супрацоўнікаў праваахоўных органаў падалі рапарты на звальненьне са службы ў знак пратэсту супраць наяўнага самавольства і беззаконьня.
Штаб Святланы Ціханоўскай заяўляе:
1. Усім супрацоўнікам і вайскоўцам сілавых структур, якія звольніліся празь нежаданьне быць катамі свайго народу, будзе дадзеная магчымасьць аднаўленьня на службе. Іх грамадзянская пазыцыя ў гэтыя складаныя дні будзе ўлічвацца пры прыняцьці кадравых рашэньняў і прасоўваньні па службовай лесьвіцы ў новай, вольнай Беларусі.
2. Усе звольненыя праз удзел у страйках будуць адноўленыя на сваіх працоўных месцах, і ім, акрамя падтрымкі з фондаў дапамогі страйкоўцам і пацярпелым, будзе пакрыты страчаны заробак за кошт дзяржаўнага бюджэту.
3. Службовыя асобы органаў улады, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, якія маюць дачыненьне да супрацьпраўных звальненьняў страйкоўцаў, будуць абавязаныя кампэнсаваць усе выдаткі бюджэту на пакрыцьцё заробку звольненым удзельнікам страйкаў.