Паліттэхноляг Віталь Шкляраў: «Мяне пакуль ня б’юць, але спрабуюць зламаць»
Заяву палітвязьня, паліттэхноляга Віталя Шклярава апублікаваў на сайце «Эхо Москвы» яго адвакат Антон Гашынскі.
«Як і ўсякі чалавек, якія наважыўся крытыкаваць аўтарытарныя рэжымы, я разумеў, што заракацца ад турмы ня варта. Але калі мяне арыштавалі, я ўсё ж не чакаў, што траплю ў таталітарны засьценак. Надоўга. Нібы нейкая гнюсная машына часу адправіла мяне ў ГУЛАГ. Не, мяне пакуль ня бʼюць. Але спрабуюць зламаць. Усімі сіламі. Ціснуць, выкарыстоўваюць махровыя лягерныя мэтады». Цалкам чытайце тут.
БТ расказала аб «правакацыі» супраць Лукашэнкі і абвінаваціла Ціханоўскую ў антырасейскасьці
У перадачы «Панарама» дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1» 17 жніўня заявілі, што да сёньняшняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з рабочымі Менскага заводу колавых цягачоў «рыхтавалася правакацыя».
«Прэзыдэнта папярэджвалі, што рыхтуецца правакацыя, прапаноўвалі адкласьці візыт на прадпрыемства, але Аляксандар Лукашэнка не зьмяніў рашэньня. Як і чакалася, усё пачалося з крыкаў, як па мэтадычцы».
Таксама ў сюжэце было заяўлена, што ў сваёй перадвыбарчай праграме Сьвятлана Ціханоўская нібыта абяцала разарваць усе сувязі і закрыць мяжу з Расеяй. Агульная танальнасьць БТ не памянялася. Тэлеканал АНТ у навінных выпусках апошніх дзён стаў падаваць інфармацыю больш збалянсавана і нэўтральна. Цалкам чытайце па спасылцы.
Рабочыя Лукашэнку: «Сыходзь!». Ціханоўская: «Я гатовая». Найважнейшае за 17 жніўня
- Аляксандар Лукашэнка выступіў на Менскім заводзе колавых цягачоў перад працоўнымі. Падчас прамовы ён заявіў, што не зьбіраецца слухацца калектыву і праводзіць новыя выбары. Прысутныя на сустрэчы даслалі Свабодзе відэа, на якім рабочыя скандуюць Лукашэнку «Сыходзь! Сыходзь!». На гэта ён адрэагаваў: «Адказваю вам на гэтае пытаньне: можаце яшчэ пакрычаць».
- Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская выступіла зь відэазваротам, у якім заявіла, што «гатовая прыняць на сябе адказнасьць і выступіць у гэты пэрыяд у якасьці нацыянальнага лідэра».
- Практычна на ўсіх прадпрыемствах Беларусі ствараюцца страйкавыя камітэты. Пра гэта паведаміў старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазьнякоў. Прыпынілі працу часткова або цалкам «Гроднажылбуд» у Горадні, Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне, «Беларуськалій» у Салігорску. Асноўнае патрабаваньне — адстаўка Лукашэнкі.
- Звольнілі дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушку, які ўзяў удзел у «Маршы Свабоды». У жэсьце салідарнасьці з дырэктарам каля 50 супрацоўнікаў тэатру напісалі заявы на звальненьне.
- У Каардынацыйную раду Сьвятланы Ціханоўскай, якая мае забясьпечыць пераход улады ў Беларусі, запісаліся больш за 30 чалавек. Сярод іх нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.
- Марыя Мароз, кіраўніца штабу кандыдаткі на прэзыдэнта Сьвятланы Ціханоўскай, зьвярнулася да страйкоўцаў, якія дамагаюцца сумленных выбараў і спыненьня гвалту, і паабяцала ім фінансавую дапамогу.
- Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў сытуацыю ў Беларусі «жахлівай».
- Упершыню за 10 дзён да палітвязьня Віктара Бабарыкі дапусьцілі адвакатаў. Бабарыка ня ведаў пра падзеі ў краіне.
- Мэдыкі каля будынку Міністэрства аховы здароўя пратэставалі супраць гвалту. Яны далі сьведчаньні аб прэцэдэнтных траўмах, якія нанесьлі людзям сілавікі падчас разгону пратэстаў.
- Лідэры пяці асноўных палітычных фракцый Эўрапарлямэнту апублікавалі сумесную заяву з заклікам правесьці новыя, свабодныя выбары ў Беларусі і з асуджэньнем гвалту супраць мірных маніфэстантаў.